Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскія пастыры і актывісты ў ЗША сабраліся на саміт супраць парнаграфіі
06.04.2016 14:05

На гэтым тыдні ў горадзе Грынсбара ў ЗША адбываецца прысвечаная барацьбе з парнаграфіяй канферэнцыя «Set Free» («Вызвалі»), у якой прымуць удзел каля 900 святароў, пастараў і свецкіх вернікаў.

Яшчэ шэсць гадоў таму хрысціянскі пісьменнік Джош МакДоўэл заўважыў, што «нешта здарылася» з моладдзю — з яе стаўленнем да супрацьлеглага полу, сямейнага жыцця, хрысціянскага вучэння, сексу.

«Я цэлы год думаў, у чым прычына. Гэта была парнаграфія ў інтэрнэце. І я зразумеў, што большасць людзей, у тым ліку святары, не бачаць гэтага. Нават не разумеюць маштабаў праблемы», — распавядае ён пра тое, як з'явілася ідэя мерапрыемства.

Перад самітам была праведзена вялікая праца, каб сабраць патрэбныя даныя для абмеркавання і вывучэння. Гэтак, было замоўлена статыстычнае даследаванне пра ўплыў парнаграфіі на сучаснае грамадства.

Выявілася, што падлеткі і маладыя людзі да 30 гадоў у ЗША лічаць парнаграфію менш амаральнай, чым выкідванне смецця ў няправільным месцы.

Таму ў размовах з аднагодкамі парнаграфія амаль не згадваецца ў негатыўным сэнсе. Толькі адзін з 10 падлеткаў і адзін з 20 маладых дарослых казаў сваім сябрам, што парнаграфія — дрэнная рэч.


Хоць хлопцы традыцыйна значна больш актыўна глядзяць парнаграфію, паступова расце і працэнт дзяўчат, якія яе глядзяць. 33 працэнты жанчын ад 13 да 24 гадоў глядзяць парнаграфію як мінімум раз у месяц.

Нават хрысціянскія святары і пастары не свабодныя ад залежнасці — больш за палову з іх прызнаюць, што глядзелі парнаграфію ў мінулым ці глядзяць дагэтуль, сведчаць даныя Barna Group, якая праводзіла даследванне.

Каб выпрацаваць шляхі вызвалення, на сустрэчу запрошаныя спецыялісты па неўралогіі, псіхолагі і медыкі. Дзеляцца сваім досведам і ахвяры порна-індустрыі.

Плануецца, што канферэнцыя распрацуе 10-гадовы план супрацьдзеяння пашырэнню і ўплыву парнаграфіі, як кажа Джош МакДоўэл.

Аляксандр Гелагаеў паводле Сruxnow.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.