Урад Чэхіі плануе адмовіцца прымаць хрысціянскіх бежанцаў |
07.04.2016 10:32 |
Такое рашэнне прапанаваў міністр унутраных спраў Чэхіі Мілан Хованец пасля ўцёкаў групы з 25 бежанцаў у Германію. Чэхі прынялі да гэтага часу 89 хрысціянскіх мігрантаў. Гэта была нізавая ініцыятыва чэшскіх хрысціян, якія ўзялі на сябе абавязацельства клапаціцца аб сваіх адзінаверцах і пакрыць усе выдаткі на першы год іх знаходжання на сваёй новай радзіме. Для гэтага было сабрана ў агульнай колькасці 15 мільёнаў крон. Першая група бежанцаў прыбыла ў Прагу ў студзені. Аказалася, аднак, што не ўсе былі задаволены прапанаванымі ўмовамі жыцця. 8 чалавек вырашылі вярнуцца ў Ірак, а 25 адмовіліся ад прытулку і 2 красавіка ўвечары адправіліся ў Германію, дзе былі затрыманы паліцыяй. Пасля двух дзён перамоваў паміж Прагай і Берлінам было вырашана зноў дэпартаваць іх назад у Чэхію. Мілан Хованец прыгразіў, што, калі пасля вяртання яны не напішуць заяву аб прадастаўленні прытулку, то будуць неадкладна адпраўлены назад у Ірак. Ён таксама паведаміў, што на заўтрашнім пасяджэнні ўрада будзе разглядацца прапанова цалкам адмовіцца ад прыняцця бежанцаў-хрысціян з Блізкага Усходу. Тым часам у Іраку і Ліване рыхтуецца да выезду ў Прагу чарговая група з 60 бежанцаў. Паводле Deon.pl, (MV) |