Руская Праваслаўная Царква створыць больш за дзясятак прытулкаў для маці па ўсёй Расіі |
08.04.2016 12:42 |
Новыя царкоўныя прытулкі для цяжарных і тых жанчын, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, адкрыюцца ў 13 рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Пра гэта са спасылкай на афіцыйны сайт Сінадальнага аддзела па сацыяльным служэнні і царкоўнай дабрачыннасці Маскоўскага Патрыярхату паведамляе «РИА Новости». «Крызісныя цэнтры, няхай і з двума-трыма ложкамі, павінны з’явіцца ў кожнай епархіі. Бо ў жанчыны, якая думае пра аборт, нярэдка няма працы, няма грошай; калі ёй няма 18 гадоў, то часта бацькі настойваюць на аборце — для такіх выпадкаў і патрэбны царкоўныя дамы для маці па аналогіі з праектам праваслаўнай службы “Міласэрнасць”, які дзейнічае ў Маскве», — цытуе сайт епіскапа Арэхава-Зуеўскага Панцелеймона. Цэнтры адкрыюцца ў Архангельскай, Кемераўскай, Ніжагародскай, Омскай, Саратаўскай, Свярдлоўскай, Томскай, Ульянаўскай, Яраслаўскай абласцях, а таксама ў Краснадарскім краі, Забайкаллі, Бураціі і Башкартастане. Праекты ўстаноў сталі пераможцамі міжнароднага адкрытага грантавага конкурса «Праваслаўная ініцыятыва 2015-2016». На сёння ў Рускай Праваслаўнай Царкве дзейнічае 29 крызісных цэнтраў для цяжарных жанчын і маці з дзецьмі. Апошні з іх адкрыўся 27 сакавіка ў Ніжнім Тагіле. |