Праваслаўныя і католікі Расіі складуць спіс знішчаных храмаў і кляштараў Сірыі |
11.04.2016 13:02 |
Маскоўскі Патрыярхат і Рыма-Каталіцкі Касцёл у Расіі будуць разам садзейнічаць аднаўленню хрысціянскіх святыняў у Сірыі. «У якасці адной з першапачатковых задач на бліжэйшы час прызнана неабходнасць складання дэталізаванага спісу знішчаных падчас вайны ў Сірыі хрысціянскіх святыняў — храмаў і кляштараў, а таксама ўзмацненне сумеснага сведчання хрысціян аб сірыйскай трагедыі», — паведамляе сайт сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату па выніках паездкі дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў Сірыю і Ліван.
У склад дэлегацыі ўвайшлі ардынарый каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы, сакратар АЗЦС па міжхрысціянскіх зносінах іераманах Стэфан Ігумнаў, прадстаўнікі міжнароднага каталіцкага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Прадстаўнікі Рускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла правялі кансультацыі з лідарамі мясцовых канфесій, пабывалі ў месцах часовага прабывання бежанцаў. Айцец Стэфан у размове з карэспандэнтам «Интерфакс» назваў беспрэцэдэнтным той факт, што Руская Праваслаўная Царква і Рыма-Каталіцкі Касцёл «сумесна ініцыявалі праект, які аб’ядноўвае хрысціян з Блізкага Усходу для вырашэння практычных гуманітарных задач». «Гэта, безумоўна, з’яўляецца вынікам дамоўленасцяў, заключаных у Гаване», — заявіў субяседнік агенцтва.
Таксама іераманах адзначыў, што аднаўленне хрысціянскіх святыняў у Сірыі — вельмі маштабная праблема, якая патрабуе ўдзелу сусветнага грамадства. «Для таго, каб сірыйцы, у тым ліку хрысціяне, вярнуліся ў свае дамы, а гарады ізноў сталі жыць паўнацэнным жыццём, патрэбна аднавіць іх святыні. Пасля заканчэння вайны гэта павінна стаць адной з першапачатковых задач, і ўжо зараз патрэбна падрыхтаваць глебу для яе вырашэння», — дадаў іераманах Стэфан. Паводле «Интерфакс», (MV) |