Амерыканскі астранаўт распавёў, як прымаў Камунію ў космасе |
12.04.2016 10:00 |
«Калі вы бачыце Зямлю з космасу і бачыце ўсю гэтую прыгажосць, то цяжка адмаўляць, што гэта было створана нейкай вышэйшай сілай», — кажа астранаўт і католік Майк Хопкінс. Майк, палкоўнік ваеннай авіацыі ЗША, быў у космасе з верасня 2013 да сакавіка 2014 года, дзе выконваў навуковыя эксперыменты і тэхнічныя працы. На Міжнароднай касмічнай станцыі ёсць асаблівае месца, дзе астранаўты любяць быць проста так — так званы «купал» з вялікім панарамным ілюмінатарам. Адсюль веліч Стварэння выглядае асабліва захапляльна. Майк Хопкінс у «купале». Менавіта тут Майк Хопкінс маліўся і часам прымаў Эўхарыстыю. Па спецыяльным дазволе яго архідыяцэзіі і з дапамогай кс. Джэймса Кучынскага, пробашча парафіі, якую наведвае Майк, астранаўт узяў у космас 24 асвячоныя гостыі. Дзякуючы гэтаму ён прымаў святую Камунію кожную з 24 тыдняў, пакуль быў у космасе. «Гэта было вельмі, вельмі важна для мяне», — кажа Майк, які нарадзіўся ў пратэстанцкай сям'і і далучыўся да Касцёла незадоўга да адпраўлення ў космас. Астранаўт распавядае, што Камунія дапамагала яму, калі ён выходзіў у адкрыты космас, каб замяніць адзін са знешніх модуляў. «Усведамленне таго, што Хрыстус са мной, калі я выходжу праз дзверы ў пустэчу космасу, было важным для мяне», — сказаў ён. Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnews.com |