Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Астранаўт-католік, які стаў зоркай «Тэорыі вялікага выбуху», браў у космас сцяг Ватыкана
12.04.2016 16:09

«Як жа моцна Бог любіць нас, што даў нам такі цудоўны дом», — кажа амерыканскі астранаўт Майкл Масіміна, распавядаючы пра свае ўражанні ад назірання прыгажосці Зямлі і велічы Божага стварэння з адкрытага космасу.

«Думаю, кожны астранаўт распавядзе, што палёт для яго гэта таксама цяжкая праца, выклік, прыгода. Аднак я думаю, што самым важным, як мінімум для мяне, было ўбачыць Зямлю з космасу. Калі ты выйшаў у адкрыты космас, ты можаш бачыць усю Зямлю», — кажа астранаўт.

Ён два разы (у 2002 і 2009 гадах) пакідаў Зямлю і некалькі разоў пакідаў касмічны карабель у скафандры, рэмантуючы тэлескоп «Hubble». Ён мае доктарскую ступень па інжынірынгу і зараз працуе прафесарам у Калумбійскім універсітэце.

«У свой першы выхад я не глядзеў па баках, таму што баяўся зрабіць нейкую памылку. Але другі раз ужо пачуваўся больш упэўнена і меў час паглядзець, у мяне мову заняло ад прыгажосці. Першая мая думка была — гэта занадта прыгожа для чалавека, гэта толькі для Бога. Я нават адвярнуў галаву», — кажа Майкл.

«Аднак праз пару секунд я супакоіўся і паглядзеў зноў. Я убачыў такую прыгажосць, адчуў цішыню і супакой, і ў мяне слёзы з'явіліся на твары».


У гэты момант астранаўт крыху спужаўся, што лішняя вільгаць у скафандры будзе зафіксавана датчыкамі, пачнецца следства адносна прычын, і яму прыйдзецца прызнацца, што ён плакаў.

«Тады іншыя касманаўты будуць з мяне смяяцца ўсё жыццё. Таму я зноў супакоіўся і трэці раз паглядзеў на Зямлю... І гэтым разам я падумаў пра бацькоўскую любоў, як мы стараемся зрабіць усё як найлепш для дзяцей. І як жа моцна Бог любіць нас, што даў нам такі цудоўны дом, такую прыгожую планету, каб мы на ёй жылі. Ён вельмі-вельмі моцна нас любіць», — распавёў Масіміна.

У 2011-1014 годзе астранаўт, які мае добрае пачуццё гумару, здымаўся ў ролі самога сябе ў папулярным камедыйным серыяле «Тэорыя вялікага выбуху», дзе разам з адным з персанажаў зноў «лётаў» у космас. Майкл сам любіць гэты серыял, як і некаторыя іншыя астранаўты.

Кароткі дакументальны фільм пра Майкла Масіміна, «Тэорыю вялікага выбуху» і космас.

Калі Майкл Масіміна рыхтаваўся да палётаў, то, усведамляючы іх небяспеку, перад адпраўленнем спавядаўся і прымаў Эўхарыстыю.

«Варта быць у стане ласкі, бо збіраешся ў небяспечны шлях», — кажа астранаўт.

Кожнаму ўдзельніку палёту дазволена браць з сабой адзін кілаграм прыватных рэчаў. Некаторыя католікі бралі з сабой укрыжаванні, малітоўнікі, абразкі.

Сярод рэчаў, якія ўзяў з сабой Масіміна ў першы палёт, быў сцяг Дзяржавы Ватыкан, які ён пазнеў перадаў Папу Яну Паўлу II. У другі палёт астранаўт узяў картку з малітвай і выявай Папы Бэнэдыкта XVI, якую таксама пазней падарыў Пантыфіку.

Аляксандр Гелагаеў паводле Сatholicnews.com і іншых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.