Салідарнасць і вера іракскіх хрысціян узрушылі амерыканскага кардынала |
13.04.2016 14:40 |
«Гэтыя людзі з зямнога пункту гледжання маюць мала, але іх трываласць і надзея проста ўражваюць», — сказаў арцыбіскуп Нью-Ёрка кардынал Цімаці Долан пра іракскіх католікаў, дзясяткі тысяч з якіх сталі ахвярамі пераследу ісламістаў. «Ці аплакваюць яны мінулае? Так, але яны заняты сучаснасцю і будучыняй, і гэта не перастане мяне ўражваць», — сказаў іерарх, які таксама ўзначальвае Асацыяцыю дапамогі католікам Блізкага Усходу. Разам з біскупам дыяцэзіі Роквіль-Цэнтр Уільямам Мёрфі кардынал Долан прыехаў на тры дні ў іракскі Курдыстан, дзе наведаў установы, якія дапамагаюць бежанцам, і сустракаўся з іх сем'ямі, лідарамі Касцёла ў Іраку, святарамі і кансэкраванымі асобамі. «Яны згубілі свае дамы, якія належылі іх сем'ям стагоддзямі. Яны згубілі пачуццё бяспекі, стабільнасці, якое так патрэбна для існавання чалавека. Таму нельга адмаўляць, што яны сумуюць. Аднак яны не згубілі надзею і веру», — кажа іерарх. «Яны не кажуць "забярыце нас у Амерыку". Яны кажуць: "Мы проста хочам вярнуцца дадому, вы можаце нам у гэтым дапамагчы?" Яны вераць у Бога і кажуць: "Мы не ведаем, як доўга мы будзем далёка ад дому, аднак давайце жыць, абараняць і вучыць дзяцей асновам веры, арганізоўваць медыцынскую дапамогу, адукацыю і забеспячэнне ежай"», — распавядае кардынал. «Гэта тое, на чым грунтуецца цывілізацыя, гэта салідарнасць, і яны цудоўна робяць гэта», — дадаў іерарх. Кардынал Цімаці Долан адзначыў, што са свайго боку амерыканскія іерархі больш актыўна заклікаюць сваіх вернікаў да ахвяраванняў на карысць іракскіх хрысціян, пашыраюць інфармацыю пра каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, якія працуюць у Іраку. Іерарх таксама згадаў пра патрэбу працаваць з амерыканскімі каталіцкімі бізнесменамі, якія працуюць ці збіраюцца працаваць у Іраку, а таксама з дзяржаўнымі органамі ўлады ў ЗША. Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnewsagency.com (АлГ) |