Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Больш за 7000 бяздомных цяжарных жанчын атрымалі дапамогу ад каталіцкай дабрачыннай ініцыятывы ў Нью-Ёрку
15.04.2016 15:16

Крыстаферу Бэлу не было і 30 гадоў, калі ён звярнуў увагу на адсутнасць у Нью-Ёрку доўгатэрміновых праграм дапамогі бяздомным цяжарным жанчынам.

«Я падумаў, што трэба мець месцы прытулку для маці і дзяцей, аднак не ведаў, што рабіць. Я быў знаёмы з айцом Бэнэдыктам Грошлем і паскардзіўся яму, што ніхто не дапамагае ім», — распавядае Крыстафер.

Праз дапамогу святара звычайны свецкі католік заснаваў у 1985 годзе ініцыятыву, якая з цягам часу стала называцца «Дамы добрай парады».

Крыстафер Бэл мае дыпломы ў сферы сямейнага кансультавання, рэлігіязнаўства, а таксама атрымаў журналісцкую адукацыю.

Галоўнай мэтай было даць жанчынам і дзецям дах над галавой і дапамагчы знайсці стабільнасць — працу і адукацыю. Многія жанчыны, якія шукалі прытулку, перажылі аборт, былі ахвярамі згвалтаванняў і інцэсту.

З таго часу «Дамы добрай парады» паднялі на ногі больш за 7000 жанчын, якія ў сярэднім жылі тут прыкладна па 13 месяцаў, атрымліваючы медыцынскую дапамогу, інфармацыю пра развіццё дзіцяці, працоўныя навыкі.



Крыстафер Бэл з жонкай і дзецьмі сустракаецца са святым Янам Паўлам ІІ

Зараз ініцыятыва мае ўласны сайт, гарачую лінію дапамогі, некалькі будынкаў у Нью-Ёрку і наваколлі, арганізуе валанцёраў. У жанчын, якія знайшлі прытулак у «Дамах добрай парады», нарадзілася за гэтыя гады амаль 1000 дзяцей. Але Крыстафер не лічыць, што гэтага дастаткова.

Ён хоча больш дапамагаць жанчынам з псіхічнымі адхіленнямі, алкагольнай і наркатычнай залежнасцю.

«Мы б хацелі, каб больш дамоў, падобных да нашага, адчынялася ў краіне», — кажа Крыстафер, які сам стаў прыёмным бацькам для шасці дзяцей.

Аляксандр Гелагаеў паводле catholicnewsagency.com і goodcounselhomes.org


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.