Дзяўчынкі часцей робяцца ахвярамі абортаў у Кітаі і Індыі, аднак новыя даныя сведчаць, што «генацыд па палавой прыкмеце» праходзіць і ў пераважна хрысціянскіх краінах, дзе аборты легалізаваны.
Амерыканскі Інстытут Шарлоты Лазье, які правёў даследаванне і падсумаваў лічбы з розных крыніц, займаецца вывучэннем, зборам і апрацоўкай медыцынскай і статыстычнай інфармацыі ў сферы абароны жыцця.
Звычайна суадносіны паміж колькасцю народжаных хлопчыкаў і дзяўчынак — 103-106 да 100. Калі суадносіны іншыя, то хутчэй за ўсё адбывалася злачынная селекцыя. У Кітаі, напрыклад, нараджаецца 116 хлопчыкаў на 100 дзяўчынак.
«У свеце не хапае 160 мільёнаў дзяўчынак з-за таго, што іх абартуюць часцей, чым хлопчыкаў. Гэта ўплывае на ўсё чалавечае грамадства», — кажа супрацоўніца Інстытута Шарлоты Лазье Анна Хігінс. Шматлікія навуковыя публікацыі сведчаць пра тое, што з’яўленне новых тэхналогій дае бацькам магчымасць, даведаўшыся пра пол ненароджанага дзіцяці, «адбракаваць» дзяўчынку, бо ў многіх культурах, у тым ліку сярод мігрантаў у Еўропе і ЗША, нарадзіць хлопчыка лічыцца больш прэстыжным і эканамічна выгадным для сям'і.
У выніку аборт, за легалізацыю якога выступаюць многія т. зв. «змагары за правы жанчын», робіцца якраз інструментам масавага забойства жанчын — самай радыкальнай формы дыскрымінацыі.
Аляксандр Гелагаеў паводле www.catholicnewsagency.com
|