Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Да Бога праз Youtube. Калумбійскія манахіні-«камунікатаркі» прысвяцілі сябе апостальству праз інтэрнэт
18.04.2016 14:43

Місія Эўхарыстычных камунікатарак Нябеснага Айца — евангелізаваць людзей праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, як кажуць манахіні з Калумбіі. Па словах сясцёр, іх харызма — стаць сродкам камунікацыі паміж Божай любоўю і чалавекам.

Супольнасць была створана ў 2004 годзе настаяцельніцай Габрыелай Любові Укрыжаванага і айцом Антоніо Лутэнсам. Зараз 65 сясцёр жывуць у архідыяцэзіі Калі на паўднёвым захадзе Калумбіі.

Сястра Марыя Назарэцкая заснавала ў супольнасці музычны гурт. Яна згадвае, як «Папа Павел VI казаў, што Касцёл будзе мець правіну, калі не скарыстае моц тэлебачання». Інтэрнэт, як адзначае сястра, за апошнія 20 гадоў стаў новым магутным сродкам камунікацыі, які таксама абавязкова мусіць быць скарыстаны для пашырэння Добрай Весткі.



Свае песні сёстры запісваюць, здымаюць музычныя відэа і выкладваюць іх на Youtube. Яны самі робяць рэжысуру ролікаў, мантуюць гук, пішуць тэсты і музыку.

«Камунікатаркі» запісваюць кароткія ролікі-лекцыі пра маральнае вучэнне Касцёла, літургію, сакрамэнты. Асобна робяць перадачы з практычнымі парадамі для моладзі і пажылых людзей на тэмы захавання здароўя і правільных паводзін у грамадстве.

Зараз іх канал мае больш за 1500 падпісчыкаў.

«Перад тым, каб перадаваць пасланне, неабходна сведчыць жыццём, быць верным Пану і Яго пакліканню. Нашы абяцанні ўбоства, паслухмянасці і чысціні дапамагаюць нам у гэтым. Першы сродак камунікацыі — гэта нашае жыццё, астатняе дадасца», — кажа сястра Марыя.



«Мы навучыліся рабіць якасны аўдыёвізуальны прадукт. Наша мэта — падтрымка ўсіх дыяцэзій, не толькі мясцовай, прысутнічаць паўсюль, дзе ёсць людзі, якія не ведаюць Бога, шукаць згубленых авечак і падтрымліваць тых, хто ўжо знайшоўся», — кажа манахіня.

Аляксандр Гелагаеў паводле catholicnewsagency.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.