Эксперты лічаць знакамітага Караваджа аўтарам невядомай раней карціны на сюжэт «баевіка» з Бібліі |
19.04.2016 09:33 |
Спецыялісты вывучаюць знойдзеную два гады таму ў паўднёва-заходняй
Францыі карціну «Юдыта адрубае галаву Алаферну» і думаюць, што яна
належыць пэндзалю Мікеланджэла да Караваджа, італьянскага мастака канца
XVI – пачатку XVII ст. Карціна, як лічаць гісторыкі мастацтва, была напісана ў Рыме ў 1604-1605 гг. і знаходзіцца ў вельмі добрым стане, хоць і аказалася забытай больш чым на 150 гадоў.
Кніга Юдыты, якая ўваходзіць у Стары Запавет, распавядае пра смелую і вельмі прыгожую ўдаву, якая была ўзрушаная тым, што яе суайчыннікі перасталі давяраць Богу і не вераць, што Ён уратуе іх ад варожага войска. Яна з вернай служанкай пайшла ў варожы лагер і здабыла давер асірыйскага ваеначальніка Алаферна.
Потым, калі той спаў, яна адрубіла ворагу галаву і з ёй прыйшла да габрэяў, дэманструючы, што яна з Божай дапамогай уратавала свой народ.
Карціну Караваджа выпадкова знайшлі на гарышчы ў старым доме ў паўднёва-заходняй Францыі, калі трэба было рамантаваць дах. Шэдэўр можа каштаваць не менш за 120 мільёнаў еўра.
Аляксандр Гелагаеў паводле reuters.com
|