Выратаваныя ад землятрусу жыхары Эквадора моляцца на вуліцах |
19.04.2016 10:44 |
У трапічнай частцы Эквадора, знішчанай падчас суботняга землятрусу, выратаваныя жыхары жывуць і моляцца на вуліцах. Адбываюцца калектыўныя пахаванні ахвяр. Прыязджаюць каманды замежных ратавальнікаў. Чакаецца, сярод іншага, група з 44 пажарных, якіх урад Польшчы накіраваў у Эквадор. Як паведаміў праз два дні пасля землятрусу кіраўнік Каардынацыйнага цэнтра міністр Цэзар Навара, колькасць загінулых узрасла да 350. Невядома, колькі памерлых і жывых людзей усё яшчэ знаходзіцца пад абломкамі. Гаворка ідзе пра 100 тысяч зніклых без вестак. З суботы паведамляецца аб больш чым 300 падземных штуршках, а Інстытут геафізікі папярэджвае аб цунамі. Плануецца эвакуацыя насельніцтва.
На дадзены момант у выратавальных працах дапамагаюць эксперты з дзевяці краін. Яны спадзяюцца знайсці жывых людзей пад заваламі. Большасць гарадоў і вёсак у раёне, ахопленым землятрусам, які меў сілу 7,8 бала па шкале Рыхтэра, ляжыць у руінах. На думку ўладаў, гэта самы моцны землятрус у Эквадоры з 1979 года. Працягваўся ён каля хвіліны. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Эквадоры просіць людзей захоўваць надзею на Бога, заклікае да ўзаемнай салідарнасці і малітвы. Святары прымаюць удзел у пахаваннях, а ў святынях па ўсёй краіне цэлебруюцца Імшы ў інтэнцыі загінулых, параненых і зніклых без вестак, а таксама з просьбамі адхіліць небяспеку. Паводле Deon.pl, (MV) |