Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-Каталіцкі Касцёл і Руская Праваслаўная Царква рыхтуюць сумесны праект для дзяцей Сірыі
22.04.2016 11:34

Рыма-Каталіцкі Касцёл у Расіі і Руская Праваслаўная Царква рыхтуюць сумесны праект для сірыйскіх дзяцей з іх удзелам.

Пра гэта паведамляе Сібірская каталіцкая газета пасля вынікаў прэс-канферэнцыі ў Маскве, якая адбылася напрыканцы наведвання экуменічнай двухбаковай дэлегацыі Лівана і Сірыі.
 
У першай палове красавіка Ліван і Сірыю наведала дэлегацыя дзвюх хрысціянскіх Цэркваў. У склад сумеснай дэлегацыі ўвайшлі ардынарый рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы, сакратар Аддзела знешніх царкоўных сувязяў па міжхрысціянскіх стасунках РПЦ Маскоўскага Патрыярхату іераманах Стэфан Ігумнаў, прадстаўнікі міжнароднага каталіцкага дабрачыннага фонда «Kirche in Not».



Члены дэлегацыі наведалі лагеры бежанцаў і сустрэліся з кіраўнікамі і іерархамі ўсіх буйнейшых хрысціянскіх канфесій рэгіёна. У межах візіту былі праведзены семінары, прысвечаныя гуманітарнай сітуацыі, якая склалася ў выніку сірыйскага крызісу.

«Вымалёўваюцца мэты, якія можна будзе ажыццявіць: стварыць базу даных па знішчаных або пашкоджаных святынях у Сірыі — кляштарах, манастырах, цэрквах і касцёлах, — і правесці ў канцы года адну акцыю на карысць дзяцей у Сірыі, у горадзе Хамсэ. Гэтыя крокі мы будзем сумесна ўзгадняць і глядзець, што з гэтага атрымаецца», — паведаміў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік фонду «Kirche in Not» Пётр Гуменюк.

Паводле слоў іераманаха Стэфана Ігумнава, акцыя дапамогі дзецям будзе заключана ў аказанні канкрэтнай дапамогі.

«І, можа быць, мы прадумаем якуюсьці ідэю, якая магла б быць рэалізавана з дапамогай саміх жа дзяцей — нешта накшталт дзіцячага свята. Гэта было б знакам іх вяртання да нармальнага жыцця», — адзначыў прадстаўнік РПЦ.

У сваю чаргу ардынарый рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы заявіў пра важнасць таго, каб хрысціяне на Блізкім Усходзе «адчулі, што яны не кінуты, іх памятаюць».

«Гэтая паездка дазволіла нам здзейсніць першы канкрэтны крок пасля сустрэчы Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване. Гэта першае мерапрыемства, якое зыходзіла з гэтай сустрэчы», — адзначыў каталіцкі іерарх.

Паводле Сибирской католической газеты, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.