Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Архіепіскап Святаслаў Шаўчук з нагоды 30-годдзя Чарнобыльскай аварыі: развіваць больш бяспечныя крыніцы энергіі
26.04.2016 17:33

У 30-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі да ўкраінцаў звярнуўся кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (УГКЦ) Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

У сваім пасланні з нагоды гэтых трагічных падзей кіраўнік УГКЦ заклікаў украінцаў схіліць галаву перад ліквідатарамі, якія цаною свайго здароўя і жыцця спынілі распаўсюджванне забойчай радыёактыўнай хвалі і не дапусцілі атамнай катастрофы яшчэ больш глабальных маштабаў.

Архіепіскап акцэнтуе ўвагу на тым, што «многія пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы адчуваюць сябе забытымі і пакінутымі сам-насам са сваімі хваробамі, праблемамі і штодзённымі выклікамі». Таму, улічваючы таксама тое, што Папа Францішак абвясціў 2016 год Годам Божай Міласэрнасці, кіраўнік УГКЦ заклікаў украінцаў «працягнуць руку дзейснай дапамогі тым, хто да гэтага часу нясе крыж наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы».

«Да дзейснай любові і салідарнасці з пацярпелымі заклікаю асабліва духавенства і свецкіх асобаў нашай Царквы. Дбайнай малітвай, абаронай справядлівых правоў пацярпелых, шчырай чалавечай падтрымкай мы павінны несці ім нашу блізкасць і хрысціянскую міласэрнасць», — гаворыцца ў пасланні.

Разам з тым кіраўнік УГКЦ перасцерагае: «Памяць пра Чарнобыль азначае не толькі падзяку ліквідатарам і клопат пра абарону правоў пацярпелых. Яна прадугледжвае роўнае і адказнае стаўленне да Богам дадзенага тварэння.

Трагедыя 30-гадовай даўніны выразна паказала, якой пагрозай для чалавецтва можа стаць тэхнічны прагрэс, пастаўлены на служэнне ідэалогіі і пазбаўлены этычных і маральных прынцыпаў...

Памяць аб гэтай атамнай бядзе патрабуе адпаведнай палітыкі ў сферы энергетыкі, каб яна кіравалася прыярытэтам этыкі над тэхнікай і стаяла на служэнні гарантавання належных правоў і апраўданых патрэб людзей, а не пагражала іх дабрабыту і жыццю. Адпаведна, неабходна развіваць і ўкараняць больш бяспечныя для чалавека і навакольнага асяроддзя крыніцы энергіі».

26 красавіка кіраўнік УГКЦ заклікаў усіх аб'яднацца ў малітве за супакой душаў тых, хто стаў ахвярай Чарнобыльскай трагедыі.

Паводле risu.org.ua, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.