Турцыя захапіла хрысціянскія цэрквы на поўдні краіны і зрабіла іх дзяржаўнай уласнасцю |
28.04.2016 08:58 |
Турцыя захапіла апошнія хрысціянскія цэрквы на ахопленым вайной поўдні краіны, у правінцыі Дзіярбакыр, і абвясціла іх дзяржаўнай уласнасцю. Адміністрацыя Прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана захапіла царкоўную ўласнасць на той падставе, што царкоўныя будынкі маюць патрэбу ў рэстаўрацыі і адбудове пасля 10 месяцаў грамадзянскай вайны, як паведамляе сайт Christianpost. Былі захоплены праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія святыні. На дадзены момант гэтыя найкаштоўнейшыя культурныя, рэлігійныя і гістарычныя аб'екты (узрост аднаго з храмаў — 1700 гадоў) ужо фактычна сталі дзяржуласнасцю ў краіне, дзе каля 98 працэнтаў насельніцтва складаюць мусульмане. Пастанову аб экспрапрыяцыі выдаў савет міністраў краіны 25 сакавіка. Варта адзначыць, што асірыйскія, армянскія, халдзейскія і турэцка-хрысціянскія вернікі гэтых храмаў не маглі рэгулярна наведваць апошнія некалькі гадоў з-за сутыкненняў узброеных сіл Турцыі з паўстанцамі «Рабочай партыі» Курдыстана. Але, нягледзячы на гэта, рашэнне ўраду аб экспрапрыяцыі выклікала абурэнне ў армянскай, сірыйскай і халдэйскай супольнасцях, а шэраг царкоўных фондаў рыхтуецца апратэставаць у судзе дзеянні ўладаў. Урад у сваё апраўданне запэўнівае, што ў яго не было рэлігійных матываў, паколькі пры гэтым былі экспрапрыяваны і некалькі мячэцяў. Аднак мячэці ў Турцыі фінансуюцца дзяржавай, у той час як хрысціянскія цэрквы існуюць на прыватныя ахвяраванні. Ахмет Гувенер, пастар пратэстанцкай царквы ў Дзіярбакыр, упэўнены, што мэта захопаў — царкоўная ўласнасць, а не абарона і рэстаўрацыя. Ён таксама збіраецца падаць іск на дзеянні ўрада ад імя Царквы. Калі ж турэцкі суд адхіліць пазоў, ён гатовы звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Іскі Цэркваў падтрымлівае асацыяцыя адвакатаў Дзіярбакыр і нават некаторыя мясцовыя чыноўнікі. «Сярод захопленых аб’ектаў ёсць будынкі грамадскіх арганізацый, месцы малітоўных сходаў і аб'екты высокай гістарычнай і культурнай каштоўнасці, — гаворыцца ў заяве пратэстуючых. — Гэтае рашэнне ўладаў па запыце міністэрства экалогіі і гарадскога планавання не мае ні найменшых законных падстаў і зусім непрымальна з пункту гледжання палажэнняў канстытуцыі». У знак пратэсту супраць рашэння ўладаў многія парафіяне пачалі праводзіць у храмах нядзельныя службы, нягледзячы на высокую рызыку ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі. (AYU) |