Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельніца шоў «Голас» Рэната Валкіевіч: Я — жывая сведка сілы малітвы
29.04.2016 20:10

Удзельніца чацвёртага сезона тэлепраекта «Голас» на Першым канале (Расія) Рэната Валкіевіч нарадзілася ў Любліне (Польшча). Пасля музычнай школы яна скончыла вакальнае аддзяленне музычнай акадэміі ў Катавіцах, пасля чаго некалькі гадоў вучылася музыцы ў ЗША, а з 2009 года жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Спявачка падзялілася сваім сведчаннем пра цуд, які з ёй адбыўся.

«Малітва сапраўды дзейнічае. Я — жывая сведка таго, што малітва мае вялікую сілу.

15 гадоў таму я зусім страціла голас. Да таго часу я ўжо спявала, гастралявала, усё было цудоўна, але раптам — незразумела чаму — страціла голас. Урачы — адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты — сказалі мне: “Вашыя звязкі пашкоджаны настолькі моцна, што вы ніколі больш не зможаце спяваць, ніводнай ноты. І нават не зможаце гаварыць”.


Хвароба развівалася, я гаварыла ўжо толькі ціхім шэптам, беспаспяхова лячылася больш за год — мне рабілі ўколы, палівалі звязкі рознымі лекамі, прымянялі ўсю магчымую ў той час тэрапію. Але станавілася ўсё горш і горш.

Праз год, калі мой страўнік і печань былі сапсаваны лекамі, урач сказаў: “Я больш не буду цябе лячыць, я адмаўляюся псаваць тваё здароўе, таму што ніхто і нішто ўжо не зможа табе дапамагчы”. Замест лекаў ён прапанаваў мне зрабіць аперацыю і даў два тыдні на роздум. Урач не хаваў, што аперацыя будзе небяспечнай, і калі ён памыліцца хоць на паўміліметра, то можа зрабіць мяне інвалідам на ўсё жыццё, і я больш не змагу вымавіць ні слова.


Дзякуй Богу, што я нарадзілася ў веруючай сям’і, у мяне тата — пастар у пратэстанцкай царкве. І ў сям’і, і ў царкве мне казалі, што Бог — лекар, што Бог усемагутны, для Яго магчыма ўсё, што для чалавека немагчыма.

У той дзень, калі ўрач сказаў пра аперацыю, я вярнулася дадому, упала на калені, стала плакаць і прасіць Пана: “Бог мой, Езус Хрыстус, калі Ты сапраўды жывы, калі Ты сапраўды маеш такую сілу і моц, пра якую я ведаю і пра якую кажа Божае слова, я прашу Цябе — зрабі для мяне цуд, я хачу гаварыць! Я веру, што Ты можаш гэта зрабіць!”

Праз два тыдні я прыйшла на апошні візіт да ўрача і сказала яму, што згодная на аперацыю. “Добра, давай паглядзім, наколькі ўсё дрэнна”, — сказаў доктар і пачаў агляд. У яго ад здзіўлення пашырыліся вочы, ён пазваў калег, якія аглядзелі горла і пасля ўважліва прачыталі гісторыю хваробы.

Урач сеў насупраць мяне і сказаў: “Я хачу ведаць, дзе ты была ў апошнія два тыдні, каго бачыла, з кім размаўляла, якія лекі прымала”. Я адказала, што лекаў не прымала, таму што мне ўжо нічога не дапамагае, а проста малілася, каб Бог зрабіў цуд. Урач адказаў: “Я не разумею таго, што зараз перад сабой бачу. Твае звязкі зараз абсалютна чыстыя, як у немаўляці”.

У той момант я сказала: “Слава Богу!” Доктар дадаў: “Калі Вы толькі маліліся, то і я, як урач, кажу: слава Богу!”

Сёння я спяваю, таму што атрымала адказ на сваю малітву. Кожная малітва дакранаецца сэрца Бога і кожная малітва чутная Яму. Таму мы сёння разам можам славіць Пана»

Паводле РИА Новости, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.