Бiскуп Венесуэлы стаў аб'ектам нападак з боку «чавiстаў» |
06.05.2016 17:37 |
3 мая стала вядома пра выпадак у Венесуэле, калі біскуп горада Гуарэнас падчас Імшы быў атакаваны дзвюма жанчынамі за крытыку цяжкага эканамічнага крызісу. Біскуп Густава Наранха цэлебраваў святую Імшу з нагоды ўшанавання Найсвяцейшага Крыжа Пакарыгуа (каталiцкая рэліквія Венесуэлы — крыж двухметровай даўжыні з часцінкай Дрэва Крыжа Пана — заўв. перакладчыка). Пра гэта паведамляе aciprensa.com. Выпадак адбыўся каля выхаду з касцёла ў прысутнасці вернікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і адной з вядучых дэпутатаў ад апазіцыі Марыi Мачада, якая ў сваім твітары кваліфікавала ўчынак як «агiдны акт агрэсіi супраць мансеньёра Гарсii». Другi cведка здарэння, пробашч парафii Найсвяцейшага Крыжа Пакарыгуа, выказаў шкадаванне ў сувязі з сітуацыяй: «На жаль, жанчына абразіла бiскупа нецэнзурнымi выразамi, акрамя таго, ударыла дачку адной катэхеткi толькi за тое, што тая папрасіла ставіцца з павагай да іерарха». «Будзем малiцца, каб інцыдэнты такога роду больш не паўтараліся. Мы не можам дапусціць, каб гэтая неталерантнасць працягвалася надалей. Мы вольныя думаць па-іншаму. Касцёл з'яўляецца домам для ўсіх. Ні адзін палітычны лагер не можа адчуваць сябе гаспадаром у касцёле», — адзначыў святар. Здарэнне адбылося праз тыдзень пасля афiцыйнай заявы венесуэльскiх біскупаў, у якой яны просяць шукаць рашэнне сур'ёзнага эканамічнага крызісу, у выніку якога ў краіне назіраюцца дэфіцыт харчавання, медыкаментаў i перабоі з электрычнасцю. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі заявіў, што з гэтай нагоды Папа Францішак скіраваў асабісты ліст Прэзідэнту Нікаласу Мадуру. |