Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разбураныя святыні Германіі: каменныя сведкі вайны ў пераможанай краіне
10.05.2016 11:37

У Германіі захавалася мноства помнікаў Другой сусветнай вайны: святыні, якія не сталі ўзнаўляць, былыя бункеры... Яны нагадваць пра тое, як важна шанаваць мір. Пазнаёмімся з некаторымі з іх.

1. Мемарыяльная царква

У 1945 годзе большасць нямецкіх гарадоў ляжалі ў руінах. У Кёльне, Берліне, Гамбургу цэлымі засталіся толькі 10-20 працэнтаў будынкаў. Некаторыя з іх не сталі ўзнаўляць у памяць пра небяспеку вайны і таго, што яна прынесла Германіі, якая яе пачала. Сярод каменных сведкаў вайны і Мемарыяльная царква кайзера Вільгельма ў Берліне.

Пабудаваная ў неарамантычным стылі царква кайзера Вільгельма (1895) згарэла ў час паветранага налёту 23 лістапада 1943 года. Разбураную вежу вышынёй у 71 метр у Заходнім Берліне захавалі.

2. Пад адкрытым купалам

Гэта разбураная і няўзноўленая царква ў Кёльне носіць тытул святога Альбана. Адкрыты купал, які абваліўся пасля бамбёжак, — помнік, які павінен нагадваць пра жах вайны, і мемарыял, прысвечаны загінулым падчас Другой сусветнай вайны. Унутры былой святыні стаіць скульптура Эрнста Барлаха.


3. Уцалелая сцяна

Недалёка ад царквы св. Альбана знаходзіцца царква св. Панны Калумбы, адна з найстарэйшых цэркваў горада. Першы камень у яе аснову быў закладзены ў 980 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў цалкам разбураны, захавалася толькі частка сценкі і статуя Божай Маці з Хрыстом-Немаўлём на руках.


Для гэтай статуі Панны Марыі ў 1947-1950 гадах на руінах ваеннага часу ў Кёльне была пабудавана васьмівугольная капліца. Пазней яе пашырылі, а ў 2007 годзе яна стала часткай Дыяцэзіяльнага музея. У Кёльне гэтую скульптуру часта называюць «Мадонна на руінах».


4. Прыгажосць барока

Замак Цэрбст у федэральнай зямлі Саксонія-Анхальт раней быў княжацкай рэзідэнцыяй. Пабудаваны ў XVII стагоддзі ў стылі барока Цэрбсцкі замак адыграў важную ролю ў гісторыі не толькі Германіі, але і Расіі. Прынцэса Сафія Аўгуста Фрэдэрыка Ангальт-Цэрбсцкая, якая стала пазней рускай імператрыцай Кацярынай ІІ, у дзяцінстве часта наведвала сваякоў у гэтым замку.

У красавіку 1945 г. у выніку бамбардзіроўкі замак Цэрбст быў разбураны і згарэў, яго інтэр’еры былі цалкам знішчаны. Рэканструкцыя была б магчымай, але ўлады ГДР не захацелі ўзнаўляць замак. Так ён выглядае сёння.


Але на рэстаўрацыю зараз збіраюць сродкі, і, цалкам магчыма, замак атрымаецца ўзнавіць хаця б часткова.

5. Самая трывалая царква

У 1940 годзе бункер супрацьпаветранай абароны, пабудаваны ў Дзюсельдорфе, нацысты замаскіравалі пад царкву.

Сёння гэта сапраўды царква, знаходзіцца пад аховай як помнік гісторыі і лічыцца самай трывалай царкоўнай пабудовай у свеце. Частка бункера адведзена пад мемарыял і культурную пляцоўку.

6. Самая высокая мішэнь

Гісторыя царквы св. Мікалая ў Гамбургу пачынаецца ў 1195 годзе. Пасля пажару сталі будаваць унушальную неагатычную царкву. У 1874 годзе гэта была ўжо 147-метровая вежа, якая з’яўлялася самым высокім будынкам у свеце. Падчас вайны яна служыла арыенцірам для бамбардзіроўшчыкаў заходніх саюзнікаў. 28 ліпеня 1943 года царква св. Мікалая згарэла.


Вежа і падвал — гэта ўсё, што засталося ад царквы св. Мікалая пасля бамбардзіроўкі. Пасля сканчэння вайны гамбургскі сенат рашыў не ўзнаўляць яе. Сёння гэта архітэктурны помнік, прысвечаны «ахвярам вайны і тыраніі 1933-1945 гг». У падвале царквы створаны дакументацыйны архіў, а дзеючая выстаўка называецца «Гамора 1943: бамбардзіроўка Гамбурга»

7. Абломкі памяці

Жамчужына дрэздэнскага барока Фраўэнкірхэ была цалкам разбурана ў ходзе бамбардзіровак горада. Доўгі час руіны царквы служылі ў ГДР помнікам-напамінам пра вайну: ва Усходняй Германіі не хапала грошай на рэканструкцыю.


Пасля аб’яднання Германіі пачалася рэканструкцыя знакамітай святыні. Фрагменты, абломкі, асобныя камяні былі «інтэграваны» ў новы будынак. Ахвяраванні на рэстаўрацыю, ацэненую ў 180 мільёнаў еўра, прыходзілі з усяго свету і не толькі ад прыватных асобаў. Спонсарамі рэканструкцыі сталі 16 нямецкіх і замежных фірм, банкаў, грамадскіх арганізацый. У 2005 годзе Фраўэнкірхэ была зноў асвечана.

Паводле Ксеніі Сафронавай, dw.de
(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.