Пратэстанцкі пастар, які прыняў каталіцтва, правядзе канферэнцыю ў Перу |
12.05.2016 09:30 |
Пуэртарыканец Фернанда Казанова, вядучы праграм «Абаронім сваю веру», «Я дома», якія транслююцца ў каталiцкай медыясетцы EWTN, 14 мая наведае Ліму (Перу) для правядзення канферэнцыі пад назвай «Католік, навучыся любіць сваю веру». Пра гэта паведамляе aciprensa.com. Фернанда Казанова, былы пастар пяцідзясятнікаў, перайшоў у каталіцтва і зараз з'яўляецца актыўным апалагетам Касцёла. (Апалагетыка — частка тэалогіі, прысвечаная абгрунтаванню веравучэння з дапамогай логікі, рацыянальных разважанняў — заўв. перакладчыка.) Разам са сваёй жонкай Лiзэттай яны прынялi каталіцтва, зразумеўшы, паводле слоў Фернанда, што евангельская вера пяцідзясятнікаў грунтуецца толькі на фрагментарным цытаванні хрысціянскай дактрыны. Доктар тэалогii, магістр 3 ступеняў — рэлігіязнаўства, багаслоўя і царкоўных даследаванняў — Фернанда Казанова заснаваў у 2007 годзе «Адукацыйны Альянс» (La Alianza Formativa), цэнтр катэхізацыi i распаўсюджвання каталіцкай веры на тэрыторыі архідыяцэзіі г. Сан-Хуана, Пуэрта-Рыка. Зараз Фернанда Казанова працуе над стварэннем Сусветнага Багаслоўскага інстытута дыстанцыйнай формы навучання з атрыманнем дыплома па вывучэнні Святога Пісання. |