Знойдзены парэшткі хрысціянскага крыжа, усталяванага канкістадорамі 475 гадоў таму |
12.05.2016 10:31 |
Іспанскі вандроўнік і заваёўнік Эрнан дэ Сота ўсталяваў драўляны крыж у індзейскай вёсцы ў 1541 годзе, і археолагі думаюць, што знайшлі сляды гэтай гістарычнай падзеі. Вучоныя Універсітэта Арканзаса на гэтым тыдні працуюць на месцы былога індзейскага паселішча Каскві, якое знаходзіцца на тэрыторыі археалагічнага парка ў паўночнаўсходняй частцы амерыканскага штата. Дэ Сота і яго атрад высадзіліся з караблёў у Флорыдзе ў 1539 годзе. Яны тры гады вандравалі, то сябруючы, то ваюючы з рознымі плямёнамі індзейцаў, і сталі першымі еўрапейцамі, якія перайшлі раку Місісіпі. Вядома, што канкістадор паставіў вялікі драўляны крыж 4 ліпеня 1541 года — і камбінацыя розных метадаў датавання знойдзенага драўлянага слупа якраз трапляе на 1541. Побач знойдзены парэшткі керамічнага посуду індзейцаў. Згодна з іспанскімі гістарычнымі дакументамі, індзейская вёска Каскві, калі яе знайшлі канкістадоры, пакутвала ад доўгай засухі і папрасіла дапамогі ў «еўрапейскага Бога». Разам з атрадам дэ Сота ішлі прыкладна дзесяць святароў з Дамініканскага ордэна. Майстар-іспанец знайшоў «самае высокае і роўнае дрэва» для крыжа, а святары яго асвяцілі. Потым прыкладна дзве тысячы індзейцаў прысутнічалі на святой Імшы, якую адправілі на гэтым месцы. Аляксандр Гелагаеў паводле Archaeologicalconservancy.org |