Каталіцкія біскупы Індыі жорстка асудзілі забойства жанчыны з касты «недатыкальных» |
12.05.2016 12:11 |
Джыша была студэнткай, вывучала права, ёй было 28 гадоў. Яна стала не першай ахвярай насілля сярод індыйскіх жанчын, асабліва з касты далітаў, што выклікала абурэнне Касцёла ў Індыі. Каталіцкія біскупы Індыі далучыліся да палітычных партый, праваабаронцаў, жаночых арганізацый у асуджэнні варварскага злачынства, вінаватыя ў якім дагэтуль не арыштаваны. Дэпартамент па справах жанчын Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Індыі выдаў заяву, у якой напісаў пра глыбокую занепакоенасць пагрозамі для «жыцця і годнасці жанчын гэтай краіны». «Жанчыну могуць пакрыўдзіць і зачапіць яе на любой вуліцы, ёй пагражае небяспека нават ва ўласным доме... У асабліва небяспечнай сітуацыі жанчыны з сацыяльна і эканамічна прыгнечаных частак грамадства», — гаворыцца ў заяве. Даліты («прыгнечаныя») — саманазва ніжэйшых каст у Індыі і іншых краінах Паўднёвай Азіі, яны не ўваходзяць у 4 галоўныя касты індуісцкага грамадства, і таму іншыя называюць іх «недатыкальнымі». Даліты складаюць каля 25 працэнтаў насельніцтва Індыі, і хоць іх дыскрымінацыя афіцыйна забаронена, кансерватыўныя індуісцкія колы імкнуцца захаваць іх ніжэйшы статус. Даліты таксама больш часта пераходзяць у хрысціянства, якое адмаўляе каставыя адрозненні паміж людзьмі. Такім чынам насілле індуістаў-кансерватараў супраць далітаў, хрысціян і жанчын часам мае агульныя мэты і прычыны. «Напады на жанчыну пачынаюцца яшчэ да нараджэння, калі могуць абартаваць дзіця толькі за тое, што яно будзе "няправільнага" полу. Гэта вынік культурных норм, якія патрабуюць цаніць жыццё мужчыны вышэй за жаночае», — адзначае доктар Паскуаль Карвальо, сябра Пантыфікальнай Акадэміі Жыцця. Аляксандр Гелагаеў паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага Радыё, Asianews.it |