Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень жалобы ў Калумбіі: 10-я гадавіна дэкрыміналізацыі абортаў
13.05.2016 09:18

10 мая споўнілася 10 гадоў з дня, калi Канстытуцыйны суд Калумбіі вынес рашэнне аб выключэннi абортаў з ліку дзеянняў, якія караюцца крымінальна. Як падкрэслiлi лiдары руху «За жыццё», гэта не святкаванне прагрэсізму, а ўспамін гадавіны смерці мільёнаў маленькiх калумбійцаў.

У Калумбіі перапыненне цяжарнасці дапушчальна ў выпадках, калі існуе рызыка для жыцця маці, калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання або ў выпадку даказанай анамаліi развіцця плёну.

Як адзначыла кіраўнік Дэпартамента па ахове жыцця Канферэнцыi Каталіцкіх Біскупаў у Калумбіі Данiэла Кардона, гэта «дзень памяці аб смерцi больш чым 4 мільёнаў калумбійцаў, якія маглі б нарадзіцца на свет».

На працягу многіх дзесяцігоддзяў у Калумбіі вялася барацьба з арганізаванай злачыннасцю і незаконным абаротам наркотыкаў.

Па словах Даніэлы Кардоны, «у краіне, поўнай смерці і вайны, як Калумбія, мы не можам думаць, што легалiзацыя абортаў з’яўляецца прыкметай прагрэсу. Наадварот, аборт робіць нас яшчэ больш жорсткім і менш спачувальным грамадствам у дачыненні да безабаронных i бездапаможных, якiя нечакана прыйшлi ў свет».

«У краiне не будзе супакою, пакуль мы працягваем знiшчаць самых маленькіх і нявінных калумбійцаў», — падкрэслiла кіраўнік дэпартамента.

У сваю чаргу, прадстаўнік руху «За жыццё» Хэсус Маганя адзначыў, што «ў той жа час вельмі радуе і абнадзейвае ўсведамленне важнасцi права чалавечага жыцця», якое, паводле яго слоў, «сёння як ніколі актуальна для калумбійскага народа».

Нагадаем, што 7 мая больш за 150 тысяч калумбійцаў прынялі ўдзел у акцыi «За жыццё», якая адначасова прайшла ў больш чым 50 гарадах краiны.

Паводле aciprensa.com,
пераклад з iспанскай мовы Кацярыны Сапожнiкавай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.