У ЗША правядуць даследаванне «слёз» статуі Панны Марыі |
16.05.2016 09:55 |
Дыяцэзія горада Фрэсна ў ЗША абвясціла аб даследаванні cтатуі Божай Маці з Гвадэлупы, якая, паводле сцвярджэння яе ўладальнікаў і сведкаў, «плача» на працягу паўтара года. Пра гэта паведамляе aciprensa.com. Як кажуць сведкі, вадкасць, падобная да слёз, утвараецца ў правым воку і сцякае па твары статуі. Марыя Кардэнас, уладальніца статуі, паставіла шклянку пад тварам Багародзіцы, каб сабраць слёзы і дзяліцца імі з людзьмі, што прыходзяць пабачыць цуд. Статую Панны Марыі жанчына атрымала ў падарунак 10 гадоў таму з нагоды Дня маці. Аднак невытлумачальны феномен пачаўся нашмат пазней — пасля забойства стрыечнага брата Кардэрас. Нягледзячы на тое, што сям’я Кардэнас устрымліваецца ад указання свайго адрасу, яны гасцінна пускаюць у дом тых, хто хоча ўбачыць «слёзы Маці Божай». «Мы не хаваем гэтую статую, але баімся, каб з ёй не адбылося чагосьці дрэннага», — кажа яе захавальнік, які пажадаў застацца невядомым. Ён таксама распавёў, што паглядзець на статую прыходзілі многія каталiцкiя святары, якія заявілі, што незразумелая з'ява «падобна да цуду». Відавочцы сцвярджаюць, што «слёзы» маюць масляністы характар, пахнуць ружамі і няспынна цякуць. Што тычыцца біскупа горада Фрэсны Арманда Ачоа, то ён праявіў дастатковую стрыманасць. Перш за ўсё іерарх адзначыў, што «зусiм нядаўна даведаўся» аб гэтай з'яве. Біскуп таксама заявіў, што не ведае, якія менавіта святары казалі пра феномен «цуду». Ва ўсякім выпадку, ніхто з духоўных асобаў дыяцэзіі да гэтага часу не падаў біскупу ніякіх афіцыйных папер на гэты конт. Вышэйшая ступень даверу да цудоўных з'яў фармулюецца ў Каталіцкім Касцёле словамі «годна веры». Касцёльныя ўлады таксама могуць прызнаць, што ў тых ці іншых з'явах няма нічога, што супярэчыць каталіцкай веры, аднак устрымацца ад прызнання іх звышнатуральнымі. «Каталіцкі Касцёл з крайняй асцярогай ставіцца да такіх пытанняў і ўсюды, дзе гэта магчыма, выкарыстоўвае навуковыя даследаванні», — кажа даследчык Майкл O’ Нейл. — У першую чаргу, робіцца спроба высветліць, ці з'яўляецца гэтая вадкасць чалавечымі слязьмі (часам аналізы паказвалі, што гэта свіны тлушч). Пры магчымасці, статуі прасвечваюцца рэнтгенаўскімі прамянямі, каб выключыць магчымасць махлярства шляхам выкарыстання схаваных паражнін ці іншых спецыяльных унутраных механізмаў». Як растлумачыў даследчык, «часам высвятлялася, што “слёзы” скульптур узнікалі па натуральных прычынах: напрыклад, у вынiку кандэнсацыі вільгаці або працёкаў вады на суседняй сцяне. Толькі ў вельмі рэдкіх выпадках з’яўленне слёз аказвалася немагчыма растлумачыць натуральнымі прычынамі — тады Каталiцкі Касцёл сцвярджаў, што гэта сапраўды звышнатуральная з'ява». Адзін з апошнiх цудаў лакрымацыi Панны адбыўся ў 1953 годзе ў горадзе Сiракуза (Iталiя). Хворая дзяўчына Антаніна Джанусса вылечылася адразу пасля таго, як статуя Дзевы Марыi, якая знаходзiлася ў доме бацькоў яе мужа Анджэло, неўзабаве пачала плакаць. Навуковая камісія, якую ўзначаліў атэіст доктар Мікеле Кассола, устанавіла, што слёзы статуі па хімічным складзе аналагічныя чалавечым. Даць навуковае тлумачэнне гэтаму феномену камісія не змагла. У 1954 годзе гэты цуд афiцыйна быў прызнаны Папам Піем XII. «У адрозненне ад асабістых з'яўленняў Панны Марыі вернікам, калі Яна перадае ім тыя ці іншыя пасланні, лакрымацыя статуй ніякага канкрэтнага паслання не нясе, і католікі вольныя па-свойму тлумачыць гэтыю з'яву. Пры гэтым, не чакаючы афіцыйнага вердыкту Ватыкана, вернікі могуць маліцца перад такiмі статуямі, памятаючы, што слёзы з'яўляюцца знакам пакут Езуса Хрыста», — дадае О' Нейл. «Сэнс любога цуду заключаецца ў тым, каб наблізіць чалавека да Хрыста, — заключае даследчык. — Верачы ў тое, што статуя Панны Марыі плача сапраўднымі слязьмі, хрысціянін глыбей пачынае задумвацца аб крыжовай смерці Езуса Хрыста і аб сваіх уласных грахах. Такія знакі могуць прывесці нас да сапраўднага абнаўлення сэрца». |