Філіпіны: былы генеральны вікарый абраны віцэ-мэрам |
17.05.2016 11:21 |
Мансеньёр Джымар Лусеро Веро Крус, генеральны вікарый дыяцэзіі горада Іліган на поўдні Філіпін, 9 мая быў абраны віцэ-мэрам горада.
Згодна з кананічным правам Каталіцкага Касцёла святарам забараняецца ўдзельнічаць у барацьбе за выбарныя пасады і выконваць палітычныя функцыі. Святар жа патлумачыў, што ён афіцыйна знаходзіцца ў кананічным водпуску.
Як падкрэсліў мансеньёр Крус, касцёльныя ўлады афіцыйна дазволілі яму часова пакінуць святарства, каб паслужыць грамадзянам Ілігана ў іншай якасці. Былы генеральны вікарый упэўнены, што Іліган мае патрэбу ў вялікіх зменах пасля таго, як былы мэр горада быў арыштаваны па абвінавачванні ў змове з мэтай забойства дэпутата кангрэса.
У той жа час крытыкі папракаюць Круса ў тым, што той выкарыстоўваў касцёльную амбону для дасягнення сваіх палітычных мэтаў.
Адным з пунктаў перадвыбарчай праграмы Круса была барацьба з карупцыяй унутры прафсаюзаў. Ён таксама заклікаў жыхароў Ілігана падтрымаць высілкі новых уладаў у барацьбе са злачыннасцю. Паводле sib-catholic.ru, (IL)
|