В'етнам вызваліў з турмы каталіцкага святара-дысідэнта перад візітам Прэзідэнта ЗША |
24.05.2016 16:00 |
Ксёндз Нгуен Ван Лі першы раз патрапіў у турму яшчэ ў 1977 годзе, бо імкнуўся казаць праўду пра кіруючую ў краіне камуністычную партыю і яе атэістычную ідэалогію. Камуністы, якія кіравалі Дэмакратычнай Рэспублікай В'етнам («Паўночны В'етнам») на поўначы краіны, захапілі Рэспубліку В'етнам ( «Паўднёвы В'етнам») у 1975 годзе, парушыўшы двухбаковыя мірныя пагадненні, згодна з якімі амерыканскія войскі пакінулі тэрыторыю краіны. Зараз ксяндзу Лі 70 гадоў, і хоць ягонае здароўе аслабла, святар захоўвае моц духу. Суд над ксяндзом Лі ў 2007 годзе. На гэтым тыдні в'етнамскія ўлады вызвалілі святара з турмы раней, чым заканчваецца ягоны чарговы турэмны тэрмін. Назіральнікі лічаць гэта жэстам добрай волі, бо ў гэтыя ж дні пачаўся дзяржаўны візіт Прэзідэнта ЗША ў Ханой. ЗША і сучасны В'етнам паступова паляпшаюць стасункі, бо абедзве краіны заклапочаны тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі Кітая. Аляксандр Гелагаеў паводле Cathnews.com |