Венгрыя: Касцёл і ўрад разам вырашаюць пытанне бежанцаў |
01.06.2016 12:27 |
Епіскапат Венгрыі і ўрад гэтай краіны вырашылі распачаць сумесныя дзеянні ў дапамозе бежанцам у розных краінах Блізкага Усходу. Біскупы яшчэ ў студзені абвясцілі спецыяльныя збор ахвяраванняў для гэтай мэты ва ўсіх касцёлах краіны. Тады ўдалося сабраць больш за 270 тысяч еўра (85 мільёнаў форынтаў). Для атрымання гэтай сумы венгерскі ўрад са свайго боку вылучыў таксама каля 400 тысяч еўра. Варта адзначыць, што раней на сродкі Касцёла на падобныя гуманітарныя мэты епіскапат вылучыў 100 тыс. еўра. «Яшчэ падчас Сінода Біскупаў па пытаннях сям’і біскупы з Сірыі і Іраку папрасілі прысутных на сустрэчы не падтрымліваць масавы зыход хрысціян Блізкага Усходу са сваёй радзімы, а спрабаваць дапамагчы ім выжыць у месцах, найбольш блізкіх да радзімы», — нагадаў біскуп Андраш Верас. Ён падкрэсліў, што менавіта таму венгерскі епіскапат вырашыў перадаць сабраныя сродкі на адукацыю дзяцей-бежанцаў, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. Агульная падтрымка епіскапату і ўраду Венгрыі будзе пакрываць штогадовую плату за навучанне для 400 дзяцей у лагерах бежанцаў у Іярданіі, Ліване і на поўначы Ірака. Грошы будуць размеркаваны папскай службай асацыяцыі Дапамогі Касцёлу ў патрэбе. Для ўраду тысячагадовая традыцыя дабрачыннай дзейнасці Касцёла з’яўляецца лепшай гарантыяй таго, што сродкі пойдуць насамрэч туды, дзе яны больш за ўсё патрэбныя. Паводле ekai.pl, (MV) |