Суд у Бразіліі забараніў продаж фігурак каталіцкіх святых у вобразе супергерояў |
06.06.2016 11:55 |
Суд у бразільскім штаце Гояс, размешчаным у цэнтральнай частцы краіны, забараніў мастаку і скульптару Ане Гімарайс прадаваць і распаўсюджваць творы, якія ў апошнія месяцы сталі яе візітоўкай. Гаворка ідзе пра фігуркі, якія прадстаўляюць каталіцкіх святых у вобразе супергерояў і вядомых персанажаў поп-культуры.
Вердыкт стаў адказам на заяву архідыяцэзіі горада Гоянія. Суддзя прыслухаўся да аргументаў прадстаўнікоў Касцёла, якія лічаць творчасць Гімарас абражальнай для пачуццяў вернікаў. У выпадку, калі скульптар парушыць рашэнне суда, ёй пагражае штраф у памеры 50 тыс. рэалаў (больш за 14 тысяч долараў). Гіпсавыя фігуркі, якія Гімарайс стварала для продажу пад гандлёвай маркай «Святое блюзнерства», уяўляюць сабой фігуры біблейскіх асобаў у касцюмах супергерояў амерыканскіх коміксаў або славутых людзей са свету поп-музыкі і мастацтва.
Цяпер рашэннем суда Гімарайс забаронена нават размяшчаць фотаздымкі сваіх твораў у сацыяльных сетках.
«Я ніколі не хацела нікога пакрыўдзіць у яго веры. Мая сям’я — католікі, і ім падабаецца тое, што я раблю, яны падтрымліваюць мяне», — так пракаментавала вердыкт 32-гадовая скульптар.
Паводле sib-catholic.ru, (IL)
|