Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Індыйскі біскуп ахвяруе сваю нырку, каб выратаваць жыццё бядняка
06.06.2016 12:22

Біскуп Сіра-Малабарскага Каталіцкага Касцёла Мар Якаў Мурыкен вырашыў ахвяраваць адну сваю нырку, каб выратаваць беднага індуіста. Пра гэта паведамляе Сібірская каталіцкая газета.

Біскуп Мар Якаў Мурыкен з’яўляецца дапаможным біскупам у дыяцэзіі Палаі ў паўднёвым штаце Керала ў Індыі.

Нырку іерарх хоча аддаць 30-гадоваму бедняку індуісцкага веравызнання з ніжэйшай касты з горада Катакал на поўдні Індыі. Два гады таму ў яго была дыягназавана ныркавая недастатковасць, з таго часу ён знаходзіцца на дыялізе і з усёй моцы стараецца падтрымаць сваіх жонку і маці.

Біскуп Мурыкен быў натхнёны ўчынкам святара Давіса Чырамеля, старшыні Ныркавай Федэрацыі Індыі, які ахвяраваў сваю нырку індуісту ў 2009 годзе.

«Гэта, магчыма, адбываецца першы раз у гісторыі, калі біскуп ахвяруе адну з нырак, каб выратаваць камусьці жыццё», — сказаў пра ўчынак біскупа Мурыкена кс. Давіс Чырамель. Святар адзначыў, што асаблівае значэнне ўчынку біскупа дадае тое, што ён ахвяруе сваю нырку «ў Святы Год Міласэрнасці, пасля закліку Папы Францішка любіць адзін аднаго без падзялення на касты і веравызнанні».

Паводле sib-catholic.ru, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.