Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Руская Праваслаўная Царква адмовілася ад удзелу ва Усеправаслаўным Саборы
14.06.2016 10:15

Руская Праваслаўная Царква не прыме ўдзел ва Усеправаслаўным Саборы на востраве Крыт. Царква будзе звяртацца да Канстанцінопальскага Патрыярха аб пераносе тэрмінаў правядзення Сабору. Рашэнне аб гэтым было прынята на тэрміновым пасяджэнні Свяцейшага Сінода.

Пра гэта на брыфінгу паведаміў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.
 
Паводле яго слоў, Руская Царква не зможа ўдзельнічаць у Саборы ў выпадку няўдзелу ў ім іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў, паколькі будзе парушаны кансенсус і Сабор не будзе Усеправаслаўным:

«Як вядома, Антыяхійскі Патрыярхат перарваў стасункі з Ерузалемскім Патрыярхам праз спрэчку вакол царкоўнай юрысдыкцыі над Катарам і Аравійскім паўвостравам у цэлым. Сербская Праваслаўная Царква ў сваёй заяве адзначыла неўрэгуляваныя праблемы ва ўзаемаадносінах з Румынскай Праваслаўнай Царквой, якая стварыла на кананічнай тэрыторыі Сербскай Праваслаўнай Царквы сваю епархію.

Такія праблемы існуюць і ў нас, паколькі Румынская Царква стварыла сваю юрысдыкцыю на тэрыторыі Малдовы, якая ўваходзіць у кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы.



Маюцца неўрэгуляваныя праблемы ў Эстоніі, дзе ў 1996 г. Канстанцінопальскі Патрыярхат стварыў паралельную юрысдыкцыю. Грузінская Царква ўказала на цэлы шэраг праблем, у тым ліку на праблему дыптыхаў. Гэтая праблема звязана з тым, што Грузінская Царква, па нашым меркаванні і на думку Грузінскай Царквы, павінна займаць шостае месца ў парадку Памесных Праваслаўных Цэркваў.

У Канстанцінопалі гэтую Царкву ставяць на дзявятае месца. Ёсць таксама праблема адсутнасці на Усеправаслаўным Саборы Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы, паколькі яе аўтакефалія не з’яўляецца агульнапрызнанай».

«Мы гатовы былі дзеля агульнацаркоўнага міру і адзінства закрыць вочы на некаторыя з гэтых існуючых праблем, і мы да апошняга моманту рыхтаваліся да ўдзелу ва Усеправаслаўным Саборы. Нават быў сфармуляваны склад дэлегацыі, але пасля таго, як сталі ісці навіны пра адмову шэрагу Цэркваў удзельнічаць у Саборы, мы зразумелі, што само пытанне аб нашым удзеле ў Саборы мы павінны вырашыць. І сёння гэтае пытанне было вырашана», — заключыў праваслаўны іерарх.

Паводле sib-catholic.ru, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.