Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На Крыт прыбылі прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў для ўдзелу ва Усеправаслаўным Саборы
17.06.2016 14:31

Першае мерапрыемства Святога і Вялікага Сабору Праваслаўных Цэркваў — сінаксіс (сход) прадстаўнікоў памясцовых Праваслаўных Цэркваў, або т.зв. Усеправаслаўны Сабор — пройдзе 17 чэрвеня ў праваслаўнай акадэміі на Крыце.

Афіцыйнае адкрыццё Сабору запланавана на 20 чэрвеня.

Хоць у праграме ўказана, што ў малым сінаксісе будуць удзельнічаць кіраўнікі 14 Праваслаўных Цэркваў, насамрэч на Крыт прыбылі толькі дзесяць. У сілу рознагалоссяў Антыяхійская, Руская, Балгарская і Грузінская Цэрквы не накіравалі свае дэлегацыі на Сабор, заклікаючы да яго пераносу.

Кіраўнікі Цэркваў змогуць абмеркаваць пасланне Сабору, а таксама іншыя праблемы, калі яны будуць існаваць да пачатку Сабору.

Як адзначыў прадстаўнік Грэчаскай Праваслаўнай Царквы, Эладская Царква напісала шмат заўваг да тэкстаў Сабору, і цяпер 17 чэрвеня абмяркуе іх на малым сінаксісе кіраўнікоў Цэркваў: «Мы з многім не згодныя. Але ўсё гэта трэба абмяркоўваць».

Крытычныя заўвагі і папраўкі да некаторых саборных дакументаў падрыхтавалі і іншыя Цэрквы, у прыватнасці, Руская Праваслаўная Царква замежжа. Чакаецца няпростае абмеркаванне дакумента па пытаннях міжхрысціянскіх адносін, па сакрамэнту сужэнства і іншых праблемах.

Сербская Праваслаўная Царква пасля адмовы ехаць на Крыт усё ж пацвердзіла свой удзел у Саборы. Аднак з той папраўкай, што ў выпадку ігнаравання заўваг тых Цэркваў, якія адсутнічаюць, яна таксама пакідае за сабою права пакінуць Сабор.

Спецыяльная камісія па падрыхтоўцы звароту Сабору, якая працавала ў праваслаўнай акадэміі Крыта з 9 па 16 чэрвеня пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Гальскага Эмануіла, прадставіць у пятніцу праект звароту кіраўнікам Цэркваў.

Сярод пытанняў — юрысдыкцыя Праваслаўнай Царквы Катара, змест шасці тэкстаў Сабору і г.д. Спіс усіх пытанняў, якія вынесены на абмеркаванне сінаксіса, пакуль не апублікаваны. Таксама невядома, якое рашэнне прымуць кіраўнікі адносна статусу Сабору, на якім не прадстаўлена значная частка праваслаўнага свету.

Паводле РИА Новости, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.