Бурундзі: афрыканскія біскупы заклікаюць да міру |
23.06.2016 17:33 |
Бурундзі патрэбен мір і прымірэнне. Крызіс, які перажывае краіна, дэстабілізуе ўсю Афрыку. Гэта пацвярджаюць прадстаўнікі Сімпозіуму Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара (SECAM), якія наведалі гэтую краіну ў сэрцы Чорнай Афрыкі, якая ў мінулым месяцы перажывала крывавы ўнутраны канфлікт. Ужо загінулі сотні людзей, а дзясяткам тысяч з-за страху за сваё жыццё давялося пакінуць свае дамы. Цяперашнія хваляванні і напружанасць з’яўляюцца вынікам хвалі пратэстаў супраць нядаўна выбранага на трэці тэрмін у якасці прэзідэнта П’ера Нкурундзі. Каб у чарговы раз стаць прэзідэнтам, ён змяніў на сваю карысць канстытуцыю краіны. ААН папярэджвае, што народ Бурундзі сутыкнуўся з праблемай чарговага генацыду. Прадстаўнікі SECAM адзначылі, што пабудова трывалага міру павінна пачынацца з раззбраення і спынення гандлю зброяй. Яны нагадалі пра тое, што пасля некалькіх гадоў бесперапыннага хвалявання насельніцтва краіны мае патрэбу ў міры і палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай стабілізацыі. Гэта задача, якая стаіць перад мясцовымі ўладамі, але яна патрабуе асаблівай падтрымкі з боку Афрыканскага саюза і ААН. |