Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кананізацыя Маці Тэрэзы — васьмідзённыя ўрачыстасці ў Рыме
04.07.2016 14:36

Восем дзён у Рыме будуць трываць урачыстасці з нагоды кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Сёстры Місіянеркі Любові прадставілі праграму святочных мерапрыемстваў, якія ўпісваюцца ў Юбілейны Год Міласэрнасці.

Кананізацыя заснавальніцы Місіянерак Любові пройдзе 4 верасня 2016 г. у Ватыкане. Але ўжо на тры дні раней, 1 верасня, у рымскім універсітэце «LUMSA» адкрыецца выстава, якая прадставіць «жыццё, духоўнасць і пасланне» Маці Тэрэзы. У другой палове дня ў Аўдыторыі св. Цэцыліі пройдзе сямейнае свята «З беднымі і для бедных».

2 верасня ў базыліцы св. Анастасіі на Палаціне адбудуцца святыя Імшы на розных мовах, пасля кожнай з якіх можна будзе ўшанаваць рэліквіі Маці Тэрэзы. Увечары ў базыліцы св. Яна на Латэране Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агостыно Валіні ўзначаліць малітоўнае чуванне, спалучанае з эўхарыстычнай адарацыяй.

3 верасня ў 10.00 на плошчы св. Пятра Папа Францішак правядзе катэхезу для ўдзельнікаў Юбілею работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый, а ў другой палове дня ў рымскай базыліцы Сан-Андрэа дэлла Валле можна будзе пачуць араторыю Марчэла Бранцэці, напісаную ў гонар новай святой, ушанаваць яе рэліквіі і прыняць удзел у святой Імшы.

Цэнтральным днём урачыстасцяў стане 4 верасня. У 10.00 на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць кананізацыю Маці Тэрэзы.

У тым жа месцы і ў той жа час 5 верасня Дзяржсакратар Папы кардынал П’етро Паралін узначаліць святую Імшу падзякі за кананізацыю. На гэты дзень выпадзе першы літургічны ўспамін св. Тэрэзы Калькуцкай. У другой палове дня яе рэліквіі будуць выстаўлены ў базыліцы св. Яна на Латэране і застануцца там да 6 верасня.

7 і 8 верасня рэліквіі новай святой будуць выстаўлены ў касцёле св. Грыгорыя Вялікага. Таксама можна будзе наведаць пакой Маці Тэрэзы ў мясцовым кляштары.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.