Біскупы ЗША заклікаюць да правядзення міграцыйнай рэформы |
05.07.2016 14:16 |
«Нам патрэбна комплексная міграцыйная рэформа. Гэта не палітычнае пытанне, гэта пытанне правоў чалавека і чалавечай годнасці», — гэтымі словамі арцыбіскуп Хасэ Орас Гомес Веласка пракаментаваў сваю просьбу, скіраваную да прэзідэнта Барака Абамы з мэтай спыніць дэпартацыю нелегальных імігрантаў. «Чарговы правал нашай краіны ў падыходзе да іміграцыйнага крызісу — гэта гуманітарная трагедыя», — сказаў мітрапаліт Лос-Анджэлеса. Іерарх дадаў таксама, што настаў час, каб нанова паказаць маральную і палітычную мужнасць. Сітуацыя абвастрылася пасля рашэння Вярхоўнага Суда ад 23 чэрвеня, які адхіліў міграцыйны план цяперашняй адміністрацыі. Меркавалася ўзаконіць знаходжанне ў ЗША амаль 5 мільёнаў мігрантаў, не зарэгістраваных да гэтага часу. Гэтае рашэнне было вынесена пасля разгляду закона, які аспрэчылі 26 дзяржаў. Яны прызналі той факт, што такія пытанні не адносяцца да кампетэнцыі прэзідэнта, а павінны вырашацца Кангрэсам. |