Кардынала, які казаў пра небяспеку прапаганды гомасексуалізму, хацелі асудзіць за «распальванне варожасці» |
05.07.2016 14:02 |
Іспанскі суд закрыў крымінальную справу супраць кардынала Антоніо Каньісарэса, які выказваўся пра небяспеку для еўрапейскай культуры і сям'і з боку гомасексуальнай прапаганды і гендарнай тэорыі. «Сям'і ў наш час пагражаюць бясконцыя пагрозы, і гэта ўсе бачаць. Палітычныя і сацыяльныя сілы, якімі кіруюць імперыя гомасексуалізму і ідэі радыкальнага фемінізму і гендарнай тэорыі, зрабілі наша заканадаўства антысямейным», — сказаў арцыбіскуп Валенсіі ў гаміліі 13 мая.
Касцёл рашуча асуджае гендарную тэорыю, галоўны пастулат якой — тое, што пол з'яўляецца толькі сацыяльным канструктам, а не неад'емнай часткай чалавечай асобы ад нараджэння. 56 розных арганізацый падалі ў суд на кардынала, абвінавачваючы яго ў распальванні варожасці, кажучы, што ягоныя словы «поўныя нянавісці, гамафобіі і шавінізму, якія толькі распальваюць нянавісць супраць тых, хто не адпавядае архаічным мадэлям каталіцкай іерархіі». У адказ на гэта каля 200 тысяч чалавек падпісалі петыцыю ў абарону кардынала Антоніо Каньісарэса. «Вельмі непакоіць тое, што кардыналу Каталіцкага Касцёла не даюць абараняць каталіцкае вучэнне пра шлюб», — гаворыцца ў петыцыі. Сам кардынал падзякаваў тым, хто выступіў у яго абарону, і дадаў: «Цэнзура і атакі на мяне з боку некаторых СМІ, асобных палітыкаў і арганізацый нагадваюць адзін з перыядаў нашай гісторыі, калі яны цэнзурыравалі гаміліі і нападалі на святароў». Іспанскія камуністы страляюць у статую Хрыста. 1930-я гады. Перад грамадзянскай вайной 1936-1939 года ў Іспаніі і падчас яе ваяўнічыя левыя атэістычныя партыі і групоўкі забілі тысячы святароў і вернікаў, знішчылі сотні касцёлаў. Гэтыя злачынствы сталі штуршком да паўстання нацыянальна-хрысціянскіх сіл, якія перамаглі ў вайне. «Хіба гэта гамафобія — абараняць сям'ю?» — дадаў іерарх. Аляксандр Гелагаеў паводле Lifesitenews.com |