Украінскі дыякан запісаў рок-версію гімна Сусветных дзён моладзі |
20.07.2016 15:23 |
Міколу Быстрыцкаму 26 гадоў, ён толькі што стаў дыяканам пасля вучобы ў гарадоцкай семінарыі Святога Духа ва Украіне. Да семінарыі ён граў у гурце «Мартові», працягнуў творчую дзейнасць і пасля паступлення. «Гэта ідэя пробашча парафіі ў Бары а. Рамана Пархомцава. Спачатку планавалася "візітоўка" групы моладзі з Бара, якая збіралася на СДМ у Кракаў», — распавядае Мікола Быстрыцкі. Разам з дыяканам Міколай над запісам працаваў парафіянін з Бара музыкант Павел Малы, які рабіў аранжыроўку. Планавалася выпусціць відэакліп, аднак часу на відэа не хапіла, і застаўся толькі трэк да яго — аўтарскі варыянт гімна «Шчаслівыя міласэрныя». Атрымалася не кавер-версія, а новая мелодыя, з арыгіналу былі ўзяты толькі словы. «Чаму гэтая версія ўвогуле паўстала? Таму што існуе патрэба, якая застаецца без адказу. Маладыя людзі, у тым ліку вельмі таленавітыя музыканты з велізарным патэнцыялам, часта адчуваюць, што ў Касцёле для іх быццам бы няма месца як для музыкантаў, стваральнікаў новага. Такое ўражанне, што іх месца — пастаяць пад хорамі на Імшы, прыйсці на моладзевую катэхезу, а потым вяртацца дадому і жыць іншым жыццём», — кажа Мікола. «Я думаю, што гэта няправільна, бо ў Касцёле кожны мае сваё месца і асаблівую місію. З гэтым згодны і Павел, які са мной працаваў над запісам», — дадае дыякан. У мінулым годзе Мікола Быстрыцкі сыграў лірычную песню «Не пішы», тэма якой — адказнасць у сваім штодзённым жыцці перад Богам і бліжнімі. Credo-ua.org (АлГ) |