Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Амерыканскія парафіі спрабуюць выкарыстаць пакемонаў для евангелізацыі
21.07.2016 16:08

Гульня для мабільных гаджэтаў Pokemon Go, якая выйшла ў гэтым месяцы, хутка стала міжнародным культурным феноменам. Гульцам трэба шукаць «кішэнных монстраў» у розных кропках свайго горада, у сувязі з чым вялікія групы людзей з'яўляюцца то на рэцэпшэнах офісаў розных кампаній, то ў музеях, а часам і ў святынях.

У сувязі з гэтым святары і касцёльныя моладзевыя групы шукаюць магчымасці пераканаць гасцей затрымацца ў касцёлах і падумаць не толькі пра пакемонаў (скарачэнне ад pocket i monster — «кішэнны монстр»).

Ксёндз Томас Келер з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў графстве Сен-Луіс (штат Місуры, ЗША) спачатку не мог зразумець, адкуль вакол касцёла ўзяліся дзясяткі новых людзей.

«Мы заўважалі, як людзі ходзяць побач, спыняюцца машыны. На наступны дзень мы зразумелі, што ў нас тут ловяць пакемонаў. Я паразмаўляў з прыемнай парай, якая гуляла з дзіцячым вазком, і яны мне ўсё распавялі», — кажа святар.

29-гадовы вікарый парафіі ксёндз Давід Мілосця ў школе сам гуляў у пакемонаў і далучыўся да групы падлеткаў, якія збіралі маленькіх монстраў.

«Я размаўляў з некаторымі хлопцамі мінулым вечарам на паркоўцы. Яны былі рады, што Касцёл звяртаецца да іх і на мове гульняў. Гэта дае магчымасць асабістага кантакту», — распавядае святар.

Часта святары і супрацоўнікі касцёлаў не ведаюць, што іх святыня стала кропкай збору пакемонаў, пакуль не прыходзяць гульцы. Многія парафіі стараюцца зразумець, як кантактаваць з гасцямі, адначасова захоўваючы спакой у касцёлах.

Гэтак семінарыст Джон Пол Хайслер распавёў пра групу гульцоў, якія прыйшлі ў парафію Нараджэння Пана ў горадзе Бурк (штат Вірджынія) падчас Імшы.

Джуліяна Стэнц, якая ўзначальвае дэпартамент па новай евангелізацыі ў дыяцэзіі Грын-Бэй (штат Вісконсін), разам з калегамі распрацавала спецыяльны даведнік па Pokemon Go для парафій — у ім распавядаецца пра сюжэт гульні, асноўныя паняцці, а таксама пра тое, як варта рэагаваць на тыя ці іншыя дзеянні гульцоў на касцёльнай зямлі. www.gbdioc.org/images/Pokevangelization.pdf

Ксёндз Патрык Поўзі з парафіі Святога Якуба ў горадзе Фолз Чорч у тым жа штаце зрабіў абвестку для парафіян, паведаміўшы ім пра тое, што парафія стала месцам аж 6 кропак збору пакемонаў.

Святар запрасіў гульцоў у парафію, аднак папрасіў іх паважаць касцёл і спакой парафіян. Ён таксама заклікаў гульцоў адзначыць парафіяльнае свята святога Якуба 25 ліпеня, пасля якога вернікі і госці змогуць пачаставацца марозівам.

«Будзем спадзявацца, што калі-небудзь чалавек знойдзе пакемона, а потым увойдзе ў касцёл і знойдзе Хрыста», — кажа ў газеце Arlington Catholic Herald ксёндз Патрык Поўзі.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnews.com (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.