У Карэліі асвяцілі капліцу ў гонар Маці Божай Будслаўскай |
21.07.2016 17:08 |
У канцы чэрвеня, калі пілігрымы ўжо ішлі з розных месцаў нашай краіны ў Будслаў, у Карэліі, недалёка ад расійска-фінскай мяжы, з'явілася новая капліца, якую назвалі ў гонар Апякункі Беларусі. Асвяціў капліцу ў горадзе Кастамукша 25 чэрвеня ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. Вялікая частка католікаў тут — родам з Беларусі, таму менавіта такі тытул быў абраны для капліцы, праца над якой працягваліся сем гадоў: пяць на збор дазволаў і дакументаў і два на ўласна будаўніцтва. Разам з абразом Маці Божай Будслаўскай у капліцы знаходзяцца іконы святых Кірыла і Мятода, асветнікаў, якія служылі, як лічаць сённяшнія гісторыкі, у рымскім абрадзе з перакладам на славянскую мову (аб гэтым піша сайт «Католікі ў Карэліі»). «Сем гадоў мы ішлі да сённяшняга дня», — сказаў у інтэрв'ю пробашч парафіі кс. Яўген Гейнрыхс. Святар удакладніў, што, хоць святыню называюць капліцай, яна выконвае функцыі маленькага касцёла, бо тут служаць Імшу, а не толькі Літургію гадзінаў.
Святар адзначыў, што зборы і служэнне на кватэрах у сучасным постсавецкім грамадстве асацыююцца з таталітарнымі сектамі, таму для парафіі атрымаць асобную святыню вельмі важна. З паўстаннем новай святыні парафія чакае і новых вернікаў. «Католікаў тут вельмі шмат... Амаль усе — беларусы. Мы выбралі тытул у гонар Маці Божай Будслаўскай, таму што гэта галоўны абраз беларускага народа», — кажа ксёндз Яўген Гейнрыхс. Карэльскае насельніцтва ў асноўным сышло ў Фінляндыю пасля нападу СССР на гэтую краіну ў 1939 годзе і пасля Другой сусветнай вайны. У часы СССР пасля вайны тут сялілі беларусаў, якіх рэпрэсавалі ці адпраўлялі на працу на амаль пустыя паўночныя землі. Сімвалічна, што капліца стаіць на новай вуліцы горада — вуліцы Надзеі, як кажа святар. Аляксандр Гелагаеў паводле Catholic-karelia.ru і Radiomaria.ru |