Вера ў Бога дапамагае самай маладой амерыканскай спартсменцы на Алімпіядзе-2016 |
25.07.2016 11:14 |
За некалькі месяцаў да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра Сідні Мак Лафлін захварэла на манануклеоз і мела нервовы зрыў, а з яе маці здарыўся інфаркт. Аднак менавіта каталіцкая вера дала Сідні сілы перамагчы цяжкасці і прабіцца на спаборніцтвы з самымі моцнымі атлетамі планеты. «Такі спорт, як бег, вельмі залежыць ад ментальнага настрою. Ціск на спартсмена вельмі вялікі, ад вас вельмі шмат чаго чакаюць. Трымацца сваіх перакананняў, верыць у тое, што ўсё, што мне дадзена, дадзена Богам — гэта мне вельмі дапамагае», — паведаміла Сідні каталіцкім журналістам. 10 ліпеня яна стала трэцяй у забегу на 400 метраў з перашкодамі ў адборачных спаборніцтвах каманды ЗША і стала самай маладой удзельніцай бегавых спаборніцтваў у нацыянальнай зборнай. «Я заўсёды думала пра Алімпіяду, але не ў 16 гадоў », — кажа дзяўчына.
Сідні распавяла, што перад кожным выступам моліцца, і гэта дапамагае ёй рабіць усё, што ў яе сілах, «і няхай будзе тое, што будзе». 7 жніўня Сідні споўніцца 17 гадоў, і яна прапусціць адкрыццё Алімпіяды, каб адзначыць сямейнае свята з роднымі. Потым яна паляціць у Бразілію з верай у тое, што ўсё адбудзецца згодна з Божым планам. Сatholicnewsagency.com (АлГ) |