«Ноч дамініканскіх святых» пройдзе падчас СДМ у Кракаве |
25.07.2016 12:54 |
«Ноч дамініканскіх святых» — падзея, якую падрыхтавалі кракаўскія дамінікане ў межах Сусветных дзён моладзі. Яна будзе праходзіць у ноч з 27 на 28 ліпеня. «Падчас гэтай асаблівай ночы можна будзе больш даведацца пра постаці дамініканскіх святых і памаліцца праз іх заступніцтва. Асабліва будзе ўшаноўвацца апякун моладзі, благаслаўлёны П’етро Фрасаці», — падкрэслілі арганізатары начнога чування. Прысутныя будуць дзякаваць на супольнай малітве за 800 гадоў існавання ордэна прапаведнікаў, а таксама рыхтавацца да прыняцця паслання, якое Папа Францішак скіруе да маладых людзей. «Праз заступніцтва святых дамініканаў будзем маліцца, каб Бог адкрыў нас на міласэрнасць і даў адчувальнае сэрца, адкрытае да патрэб іншых людзей», — было абвешчана ў пасланні. Начное чуванне ў базыліцы Святой Тройцы (вул. Столярска, 12) пачнецца ў сераду ў 21.00 Эўхарыстыяй, якую будзе цэлебраваць генеральны настаяцель ордэна а. Бруна Кадорэ OP. У гэты вечар яго ўдзельнікі даведаюцца пра постаці дамініканскіх святых, сярод якіх Тамаш Аквінскі, Кацярына Рычы, Яцэк Адрованж, Ружа з Лімы. У капітуле кляштара можна будзе пазнаёміцца з дамініканскай духоўнасцю і сустрэцца з прадстаўнікамі дамініканскай сям’і. Для ўдзельнікаў будзе таксама адкрыты доступ да садоў кляштара, якія на гэтую ноч стануць месцам сустрэчы і інтэграцыі. Паводле Deon.pl (MV) |