Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тагле да моладзі на СДМ: «Дапамажыце біскупам зразумець ваша становішча!»
28.07.2016 13:23

Да непасрэднага дыялогу з іерархамі Касцёла заклікаў моладзь кардынал Луіс Антоніо Тагле, які прыбыў у Польшчу, каб прыняць удзел у Сусветных днях моладзі.

Філіпінскі кардынал, арцыбіскуп Манілы, выступіў у Лодзі з канферэнцыяй пра праблемы сям'і і маладых людзей, якія думаюць пра стварэнне сужэнскага саюзу.

Іерарх звярнуў увагу, што моладзь часта абумоўлівае стварэнне сям'і фінансавымі фактарамі ці бачыць сям'ю як крыніцу бясконцага шчасця, аднак гэта не зусім так.

«Мой тата нядаўна распавёў, што боты на ўласнае вяселле пазычыў у калегі, бо сам не мог набыць абутку. А ў жніўні мае бацькі адсвяткуюць 60-ю гадавіну шлюбу», — сказаў кардынал.

Аднак, дадаў іерарх, шчасце ў сям'і не гарантуюць і самыя дарагія боты ў свеце, і сама сям'я — не гарантыя асабістага шчасця.

«Памятайце, не існуе простых рэцэптаў для стварэння шчаслівай сям'і», — адзначыў кардынал Тагле.

Кожная сям'я, па словах іерарха, павінна сама шукаць шлях і няспынна працаваць над сваім шчасцем — канешне, карыстаючыся і дапамогай Касцёла, і спецыялістаў па сямейных адносінах.

Кардынал Тагле са сваімі бацькамі.

«Вы ўжо зараз павінны быць гатовымі да таго, што ў сям'і будзеце служыць, навяртацца, дзякаваць, прабачаць. Што спатрэбіцца быць добрымі, цярплівымі, шчодрымі, паважлівымі да іншых. І вы павінны падысці да гэтага сапраўды сур'ёзна», — сказаў іерарх.

На просьбу аднаго пілігрыма аб канкрэтнай парадзе кардынал Луіс Антоніо Тагле адказаў: «Адзін святар любіў казаць: сям'я, якая моліцца разам, заўжды будзе разам. Я б яшчэ дадаў: сям'я, якая збіраецца на пачастунак за адным сталом, заўжды будзе разам».

Кардынал Тагле і моладзь Філіпін.

На пытанне аднаго з удзельнікаў пра сучасныя пагрозы для сям'і кардынал сказаў усім прысутным:

«Маладыя людзі, прашу вас, дапамажыце біскупам зразумець ваша становішча! Таксама зразумець пагрозы, якія глыбока схаваны ў сучасным грамадстве. Бо мы, біскупы, вырасталі ў іншым свеце. Дапамажыце нам зразумець!»

«Прашу, кажыце нам пра праблемы, дзяліцеся з намі сваім жыццём, дзяліцеся з намі сваім ідэалізмам», — дадаў іерарх.

Пасля размовы з моладдзю да кардынала вырасла вельмі вялікая чарга хлопцаў і дзяўчат, якія жадалі зрабіць з іерархам сэлфі.

Credo-ua.org (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.