У Канстанцінопальскім Патрыярхаце распавялі, як надаецца аўтакефалія на землях былой Рэчы Паспалітай |
03.08.2016 11:52 |
Тэрыторыя былога Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — кананічная тэрыторыя Канстанцінопальскай Царквы, адзначыў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату архіепіскап Іоў (Геча) у інтэрв'ю. «У гісторыі ўсе новыя Праваслаўныя Цэрквы да нашых дзён — гэта былыя тэрыторыі Сусветнага Патрыярхату, якім ён даваў аўтакефалію. І па кананічных прычынах Сусветны Патрыярхат мае ў праваслаўным свеце першае месца», — заявіў іерарх. «Менавіта на аснове Кіеўскай мітраполіі была дадзена аўтакефалія Польскай Царкве ў 1924 годзе... Польская дзяржава звярнулася да Канстанцінопаля, каб ён даў аўтакефалію Польскай Царкве», — дадаў архіепіскап. Са словаў іерарха зразумела, што кананічнай тэрыторыяй Канстанцінопальскага Патрыярхата лічыцца і Беларусь як былая частка Вялікага княства Літоўскага, якая да канца XVII стагоддзя таксама ўваходзіла ў Кіеўскую праваслаўную мітраполію. «На аснове чаго быў дадзены Томас* у 1924 годзе Польскай Праваслаўнай Царкве? Канстанцінопаль разглядаў Польскую Царкву як былую частку Кіеўскай мітраполіі. Як мы ведаем, пры Мітрапаліце Цыпрыяне Цамблаку Кіеўская мітраполія знаходзілася ў межах польска-літоўскай дзяржавы, то бок яе межы пашыраліся і на тэрыторыю Польшчы, і на Літву», — сказаў архіепіскап. * Томас — пастанова прадстаяцеля паместнай Праваслаўнай Царквы па нейкім важным пытанні царкоўнай арганізацыі. У тым ліку томас можа даваць частцы Царквы правы аўтаноміі (частковага самакіравання) ці аўтакефаліі (поўнага самакіравання). Польшча знаходзілася ў межах Кіеўскай мітраполіі, а Кіеўская мітраполія была ў непасрэдным кананічным падпарадкаванні Канстанцінопаля, адзначае прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату. «Калі ў 1924 годзе Канстанцінопаль падарыў аўтакефалію Польскай Царкве на грунце Кіеўскай мітраполіі, чаму сёння Канстанцінопаль не меў бы права даць самой Кіеўскай мітраполіі стан аўтакефаліі? Калі гэта было магчыма ў 1924 годзе — гэта магчыма і сёння», — заключае іерарх. Аляксандр Гелагаеў паводле Risu.org.ua |