Тэлеканал HBO створыць мастацкі міні-серыял «Малады Папа» |
10.08.2016 14:05 |
Тэлеканал НВО, вядомы такімі хітамі, як «Гульня тронаў», «Сям'я Сапрана» і «Сапраўдны дэтэктыў», пачне восенню ў Еўропе паказваць васьмісерыйны фільм пра тое, як Пантыфікам мог бы стаць адносна малады іерарх з ЗША. Роль выдуманага Папы Пія ХІІІ будзе іграць англійскі акцёр Джуд Лоў. Акцёр вядомы па сваіх ролях у многіх фільмах, у тым ліку ён іграў доктара Ватсана ў фільмах Гая Рытчы пра Шэрлака Холмса і Аляксея Карэніна ў фільме Джо Райта «Ганна Карэніна». Толькі што абраны Пантыфік у фільме змагаецца са сваімі слабасцямі, думаючы, як найлепш выканаць свае абавязкі. Рэжысёр і сцэнарыст серыяла — італьянец Паоло Сарэнціна, які атрымаў у 2013 годзе «Оскар» за фільм «Вялікая прыгажосць». Тэлеканал НВО апісвае галоўнага героя як «складанага па характары, вельмі кансерватыўнага, але поўнага любові да слабых і бедных». Застаецца толькі пачакаць, каб убачыць, наколькі блізкім да праўды будзе вобраз Каталіцкага Касцёла ў фільме і наколькі паважлівым ці, наадварот, абразлівым будзе стаўленне аўтараў да хрысціянскай веры і вернікаў.
Аляксандр Гелагаеў паводле Рatheos.com, Hbo.com, Dailymail.co.uk |