Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паўночная Карэя забараняе крыжы, узмацняючы антыхрысціянскі тэрор
11.08.2016 11:08

Камуністычная КНДР лічыцца адзінай краінай у свеце, якая больш небяспечная для хрысціян, чым тэрыторыі пад уладай тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы». Але ў апошнія месяцы ціск на хрысціян ў Паўночнай Карэі дадаткова ўзмацніўся.

Чыноўнікі канфіскуюць рэчы з выявамі ў форме крыжа на мытнях і ў крамах.

«Калі мытнікі канфіскуюць гэтыя вырабы, заяўляючы, што яны падобныя да крыжа, нам няма куды скардзіцца. Брэлокі ці завушніцы з дызайнам такой формы таксама забіраюць», — распавёў адзін з гандляроў з правінцыі Хамгён-Пукта.

Згодна з паведамленнямі, якія прыходзяць з краіны, адкуль вельмі цяжка атрымаць неафіцыйную інфармацыю, нават вучням раюць больш асцярожна пісаць знак «+» пры матэматычных падліках — каб ён не нагадваў знак крыжа.

Лічыцца, што зараз у КНДР каля 70 тысяч хрысціян знаходзяцца ў канцэнтрацыйных лагерах з-за сваёй веры. Тыя, хто захаваў веру, рызыкуюць стаць ахвярамі катаванняў і жорсткіх пакаранняў — ад зняволення да смерці.

Пры гэтым афіцыйна ў КНДР аб'яўлена, як раней і ў СССР, свабода рэлігіі. І ў сталіцы — адзіным месцы на краіну з 24-мільённым насельніцтвам — адчынены дзве хрысціянскія царквы. Лічыцца, што гэтыя дзве царквы існуюць толькі для прапагандысцкіх мэтаў. Адзін з гэтых будынкаў называецца «каталіцкім», аднак не мае ніякага дачынення да Каталіцкага Касцёла.

Паўночныя карэйцы пад нагамі гіганцкай статуі Кім Ір Сена.

У КНДР захоўвае ўладу так званая дынастыя Кімаў — нашчадкаў лідара карэйскіх камуністаў Кім Ір Сена, які стварыў таталітарны культ сваёй асобы.

Атэістычны рэжым, які шырока выкарыстоўвае тэрор, пры гэтым пашырае ў прапагандзе амаль неаязычніцкую веру ў звышчалавечыя здольнасці сваіх «правадыроў». Кім Ір Сен пасля сваёй смерці ў 1994 годзе быў абвешчаны «вечным прэзідэнтам». Усе карэйцы ў КНДР абавязаны насіць значкі з яго партрэтам.

Аляксандр Гелагаеў паводле Express.co.uk

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.