Францыя ўзмоцніць меры бяспекі ў Люрдзе перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі |
12.08.2016 10:17 |
Дзясяткі тысяч чалавек кожны год адзначаюць урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў французскім горадзе Люрд, дзе ў ХІХ стагоддзі з мясцовай дзяўчынай размаўляла Божая Маці. У гэтым годзе захады беспекі пашырацца з-за серыі ісламісцкіх тэрактаў, якія адбыліся ў Францыі за апошнія месяцы. Цяпер удзельнікі ўрачыстасці будуць праходзіць, як у беларускім Будславе, праз рамкі, а супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць правяраць іх торбы. Святочная працэсія пройдзе па скарочаным маршруце, будуць павялічаны сілы бяспекі, у тым ліку ў ахове свята прымуць удзел сапёры. Каб бомбу не маглі падкласці ў скрыні для смецця, іх заменяць на празрыстыя пластыкавыя пакеты. У лістападзе 2015 года ў Парыжы ісламісты забілі 130 чалавек, 14 ліпеня 2016 года ў Ніцы ісламіст забіў 84 чалавекі, 26 ліпеня ў французскай правінцыі Нармандыя ісламісты забілі каталіцкага святара. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — афіцыйны выходны ў Францыі, і многія французскія католікі, а таксама замежныя пілігрымы наведваюць у гэты дзень санктуарый Маці Божай Люрдскай. Усяго кожны год у Люрдзе бывае да 6 мільёнаў пілігрымаў.
Аляксандр Гелагаеў паводле Сatholicherald.co.uk |