Мусульманская актывістка Сара Ахмед узначаліла хрысціянскую дабрачынную арганізацыю «Фонд дапамогі і прымірэння на Блізкім Усходзе».
Сара Ахмед — стаматолаг па прафесіі. Сёння разам з супрацоўнікамі фонда яна працуе ў Іраку. «Мы прадастаўляем якасныя медыцынскія паслугі людзям, якія не могуць дазволіць сабе пайсці да ўрача ці дантыста. Мы не робім розніцы паміж хрысціянамі і мусульманамі», — удакладняе яна.
Сара не толькі бясплатна лечыць зубы бежанцам і каардынуе дабрачынную дапамогу, але і сама развозіць прадукты харчавання, ваду і іншыя прадметы першай неабходнасці сем’ям.
«Часам я праводжу цэлую ноч у царкве, гатуючы ежу для 50 чалавек за раз», — кажа мусульманка.
Паводле яе слоў, яна заўсёды адчувае Божую дапамогу і абарону падчас сваёй працы. «Я ведаю тое, што шмат людзей кажа пра іслам, але мой іслам, які я вызнаю, — гэта рэлігія міру і дапамогі іншым... Вы не можаце заснуць, пакуль ваш сусед галодны або пакутуе. Вы павінны працягнуць яму руку. Я лічу, што ўсе мусульмане і ўсе людзі павінны рабіць штосьці дзеля жыцця», — дадае жанчына.
Кіраўнік англіканскай царквы ў Багдадзе Кэнан Уайт, кажучы пра служэнне Сары Ахмед, адзначае: «Яна — абарона ўсіх іракскіх хрысціян. Мы ўвесь час чуем пра ісламскі тэрарызм. А як наконт мусульман, якія працуюць для абароны хрысціян?»
У бліжэйшы час Сара выпраўляецца ў чарговую паездку па лагерах перасяленцаў на поўнач краіны. Акрамя матэрыяльнай і медыцынскай дапамогі бежанцам, яна запускае спецыяльную праграму дапамогі дзяўчынкам, якія былі згвалтаваны баевікамі Ісламскай дзяржавы.
Фонд дапамогі і прымірэння на Блізкім Усходзе — брытанская дабрачынная арганізацыя. На сёння ў Іраку працуе арганізаваная фондам дабрачынная місія. Паведамляецца, што арганізацыя дапамагае пераважна хрысціянам, але не пакідае ў цяжкай сітуацыі і людзей іншых канфесій.
Паводле pravmir.ru, (IL)
|