За гей-«шлюбам» — палігамія? У Італіі ісламскі лідар заклікаў увесці шматжонства |
25.08.2016 09:59 |
Лідар Саюза ісламскіх супольнасцяў у Італіі лічыць, што пасля легалізацыі аднаполых «шлюбаў» не засталося ніякіх прычын не ўводзіць у заходніх краінах палігамію. «Калі размова пра грамадзянскія правы, тады палігамія — такое права. Мусульмане ж не падтрымліваюць гомасексуальныя саюзы, але жывуць у сістэме, якая іх дазваляе», — сказаў Хамза Пікарда. Італьянскі ўрад раней выказаўся ў падтрымку так званых грамадзянскіх саюзаў паміж людзьмі аднаго полу, нягледзячы на крытыку з боку Каталіцкага Касцёла. Гэта дае парам гомасексуалістаў такія ж правы, як і сужэнцам у сапраўдным шлюбе, акрамя права ўсынаўлення. Крыніца права для католікаў — не проста жаданне чыноўнікаў ці дэпутатаў, за якіх прагаласавала большасць насельніцтва; крыніца справядлівага закона — Бог, таму зусім не кожная пастанова, прынятая той ці іншай дзяржавай, мае права на існаванне. У некаторых выпадках католікі нават не маюць права падпарадкоўвацца законам, якія маюць відавочна антыхрысціянскія злачынныя наступствы. «Ажыццяўленне ўлады маральна вымяраецца яе боскім паходжаннем, разумнай прыродай і спецыфічнымі мэтамі, якія яна сабе ставіць. Ніхто не мае права загадваць ці пастанаўляць тое, што несумяшчальна з чалавечай годнасцю і натуральным законам», — гаворыцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. Каталіцкі Касцёл лічыць шлюбам толькі саюз паміж адным мужчынам і адной жанчынай. Палігамія, як і так званыя гомасексуальныя «шлюбы», па сваёй прыродзе несумяшчальныя з чалавечай годнасцю, нясуць адмоўныя наступствы як для дарослых, так і для дзяцей, якія выхоўваюцца ў такіх сем'ях. Легалізацыя такіх з'яў прымушае хрысціян называць (напрыклад, у судзе) шлюбам такія з'явы, якія сапраўдным шлюбам не з'яўляюцца, значыць ісці супраць свайго сумлення. Святы Пасад неаднаразова папярэджваў жанчын-каталічак супраць шлюбаў з мусульманамі ў сувязі з небяспекай апынуцца ў несапраўдным шлюбе, згубіць асабістую свабоду і сваю каталіцкую веру. Адпаведныя рэкамендацыі ўтрымліваюцца, напрыклад, у дакуменце «Erga migrantes caritas Christi», які быў апублікаваны ў 2004 годзе. |