«Гэта мой меч джэдая» — новы біскуп уласнаручна зрабіў свой біскупскі посах |
25.08.2016 14:18 |
Традыцыі джэдаяў — рыцараў Дабра з «Зорных войнаў» — узгадаў біскуп Дэвід Кондэрла, які быў прызначаны ардынарыем дыяцэзіі Талсы ў амерыканскім штаце Аклахома ў маі гэтага года. «Для мяне было натуральным самому зрабіць сабе посах, калі я даведаўся, што стану біскупам», — распавядае іерарх. Калі біскуп намінант пачаў працу над сваім посахам, ён быў капеланам у Каталіцкім цэнтры святой Марыі ва Універсітэце сельскай гаспадаркі і тэхналогіі штата Тэхас. Універсітэт быў заснаваны ў 1871 годзе і з'яўляецца самым вялікім у штаце — у ім працуюць 2 700 навуковых супрацоўнікаў і вучацца больш за 64 000 студэнтаў.
Такім чынам, будучаму іерарху нават сцены дапамагалі трымаць працоўныя інструменты. Раней ксёндз Дэвід Кондэрла ўжо зрабіў чытыры посахі для сваіх будучых братоў-біскупаў са штатаў Тэхас і Нью-Мексіко.
«Кожны джэдай не скончыў сваю падрыхтоўку, пакуль не зрабіў уласны светлавы меч, з якім ён будзе біцца супраць сіл зла. Таму гэты посах — мой меч», — сказаў біскуп Дэвід Кондэрла. Посах біскупа — сімвал ягонай улады і пастырскага абавязку. Іншымі важнымі знакамі біскупскай годнасці з'яўляюцца нагрудны крыж, мітра ці шляпа і біскупскі персцень. Для свайго посаха біскуп выкарыстаў дрэва, якое выкарыстоўвалі для пабудовы новага студэнцкага цэнтра ва ўніверсітэцкім гарадку. Такім чынам на новым месцы іерарх захоўвае памяць пра ўніверсітэт, дзе шмат працаваў з моладдзю.
Посах разбіраецца на тры часткі — так яго лягчэй браць з сабой у дарогу, але самым складаным элементам быў крук на яго верхнім канцы. Тут будучы біскуп браў тонкія палоскі дрэва, награваў іх парам, а затым хутка згінаў вакол адпаведнай формы, каб потым склеіць з іншымі такімі ж палоскамі.
«Мастацтва перадае тое Божае, што ёсць у чалавеку», — кажа біскуп Дэвід Кондэрла, дадаючы, што праца з дрэвам — форма павагі да цудоўных Божых стварэнняў.
У стварэнні біскупскага персценя намінант таксама паўдзельнічаў, распрацоўваючы дызайн, хоць асноўную працу зрабіў ягоны брат-ювелір. Персцень сімвалізуе вернасць Сэрцу Езуса, Панне Марыі і ўтрымлівае золата са шлюбнага пярсцёнка маці іерарха.
Аляксандр Гелагаеў паводле Stcloudvisitor.org |