Вайна, якая цягнулася 50 гадоў, заканчваецца — левыя баевікі ў Калумбіі выйдуць з лясоў |
26.08.2016 14:43 |
За апошнія гады калумбійскі ўрад нанёс цяжкія паразы баевікам групоўкі FARC. Гэта прымусіла левых радыкалаў пагадзіцца на мірныя прапановы законных уладаў. Адным з удзельнікаў мірнага працэсу будзе Каталіцкі Касцёл, якога баевікі-камуністы заўсёды лічылі сваім ворагам. Абодва бакі заявілі 25 жніўня, што дасягнулі «канчатковай і поўнай» згоды адносна спынення баявых дзеянняў і будуць разам імкнуцца да «трывалага міру» ў краіне. У кастрычніку ўрад правядзе рэферэндум, на якім грамадзяне павінны прагаласаваць «за» ці «супраць» пагаднення з FARC. Пасля гэтага арганізацыя пачне вывад сваіх баевікоў з джунгляў і сховішчаў у гарах. Баевікі накіруюцца ў спецыяльныя лагеры для раззбраення, якія будуць знаходзіцца пад кантролем ААН. Урад правядзе зямельную рэформу, правядзе меры па спыненні гандлю наркотыкамі, кантрабандай якіх FARC фінансавала сваю падпольную дзейнасць. FARC расшыфроўваецца з іспанскай як «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі». Гэтая арганізацыя, якую падтрымлівалі зброяй і фінансамі Савецкі Саюз і іншыя камуністычныя краіны, акрамя гандлю наркотыкамі вінаватая ў выкраданні людзей за выкуп, а таксама ў забойствах бяззбройных.
З гэтай прычыны не выключана, што вялікая частка калумбійцаў на рэферэндуме прагаласуе супраць міру з людзьмі, якіх лічаць злачынцамі. Вайна, якая пачалася ў 1960-я гады, як лічыцца, забіла больш за 200 тысяч чалавек, яшчэ пяць мільёнаў былі вымушаны пакінуць свае дамы. Аляксандр Гелагаеў паводле Сnn.com |