Адэскі святар выйграў міжнародны чэмпіянат па паўэрліфтынгу |
29.08.2016 16:54 |
Настаяцель Успенскага храма ў сяле Чырвонаармейскае Адэскай вобласці святар Віктар Качмар заваяваў два залатыя медалі на міжнародным чэмпіянаце па паўэрліфтынгу, які адбыўся ў Кіеве.
Як паведамляе pravmir.ru са спасылкай на прэс-службу Украінскай Праваслаўнай Царквы, першыя прызавыя месцы а. Віктар заняў, нягледзячы на тое, што ў свае 46 гадоў мераўся сіламі з маладымі спартсменамі. 
У выніку святар пацвердзіў званне майстра спорту міжнароднага класа, а акрамя таго, устанавіў новы сусветны рэкорд, абнавіўшы свой уласны.
«У 2001 годзе на чэмпіянаце ў Адэсе я ўстанавіў сусветны рэкорд па пад’ёму на біцэпс — узяў 75 кг, — кажа а. Віктар. — Прайшло пяць гадоў, а сусветны рэкорд так і не быў нікім пабіты. Цяпер у Кіеве я павінен быў яго пацвердзіць і ўзяў 80 кг».
Таксама рэкорднай для яго ўзроставай катэгорыі стала вага ў 200 кг у практыкаванні жым лежучы. 
Раней святар браў залатыя медалі на чэмпіянаце Украіны па паўэрліфтынгу. Айцец Віктар Качмар — дваццаціразовы чэмпіён Украіны і пяціразовы чэмпіён свету. Святар падкрэслівае, што моліцца перад кожным падыходам да снарадаў.
Паводле pravmir.ru, (IL)
|