Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы каталіцкі святар з Манголіі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне
30.08.2016 13:04

Манголія мае 2,8-мільённае насельніцтва, аднак усяго каля 1000 яе жыхароў — католікі. Таму толькі зараз у краіне з'явіўся каталіцкі святар мясцовага паходжання.

З гэтай нядзелі кс. Язэп Энх-Баатар узяў на свае плечы велізарную адказнасць — ён са сваім веданнем багатай і старажытнай мангольскай культуры можа стаць пасярэднікам паміж Касцёлам і некаталіцкай большасцю мангольскага насельніцтва.

«Я ўзрушаны тым, што пасля амаль 25 гадоў прысутнасці Касцёла ў нехрысціянскай Манголіі адбыўся цуд, пасвячэнне першага ў гісторыі мясцовага святара ў шырокіх стэпах. Я падзяляю радасць і хваляванне нашых католікаў», — сказаў біскуп Венцэслаў Падылья, які кіруе невялікай каталіцкай супольнасцю ў Манголіі.

Іерарх філіпінскага паходжання ўваходзіў у групу з трох місіянераў, якія прыбылі ў краіну ў 1992 годзе пасля цёмнага перыяду камуністычнага праўлення і пераследу рэлігіі. Місіянеры Кангрэгацыі Беззаганнага Сэрца Марыі дапамаглі стварыць у 1994 годзе першую каталіцкую парафію, у якой у 1995 годзе адбыўся першы сакрамэнт хросту.

Зараз яшчэ тры мангольскія семінарысты вучацца ў каталіцкай семінарыі ў Паўднёвай Карэі, таму, магчыма, хутка ў Манголіі з'явяцца новыя святары мясцовага паходжання.

Cruxnow.com (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.